Читать «Як пакахаць ружу» онлайн - страница 30

Сяргей Кавалёў

Прадметы, жывёлы, абставіны быту ў Дранько-Майсюка адыгрываюць тую ж самую ролю, што i абстрагаваныя паняцці, назвы пачуццяў, уласцівасцей розуму, маральных якасцей. Там, дзе іншыя непасрэдна выказваюць свае пачуцці i думкі, Дранько-Майсюк абазначае гэтыя пачуцці i думкі канкрэтнымі прадметамі жывой i нежывой прыроды, якія выклікаюць адпаведныя адчуванні, выказваюцца без суб'ектыўных афарбовачных каментарыяў неактыўнага ў звычайным сэнсе гэтага слова героя, які нават не заўсёды прысутнічае. Прадметы не выкарыстоўваюцца як службовыя для пацверджання думак i пачуццяў, а самі па сабе ў сваёй суаднесенасці выклікаюць адчуванне, маюць самастойнае значэнне. Гэтае ўзаемапранікненне, роўнасць па сваёй значнасці чалавека, жывёльнага свету i прадметаў нежывой прыроды адлюстравана, напрыклад, у вершы «Коннік спыніўся...», асабліва ярка выражана такая тэндэнцыя ў канцы верша:

Прыме зямля У свой дол, як будзённае штосьці, Косці каня, Чалавека i глечыка косці.

Рэчы і прадметы ў многіх творах паэта набываюць уласцівасці лірычнага героя («Сухая галінка», «У гародзе самотная тычка...» i інш.), верш запаўняецца ўдзельнікамі-рэчамі, праз дакладнае адлюстраванне абстаноўкі выклікаецца канкрэтнае пачуццё, адчуванне. I нават у такім вялікім вершы, вершы з героямі-людзьмі, як «Вось нарэшце i ранак узнік...», большасць магчымага тут сэнсу прыпадае на апошні радок («Але шкло ад гарачага трэсне») — Зноў-такі, рэч набывае першаснае значэнне для паводзін людзей. A ў вершы «Цацка» відавочна ўсе «ўдзельнікі» адыгрываюць аднолькава вялікую ролю ў развіцці дзеяння (звер, цацка, хлопчык; i звер, i цацка аднолькава маюць значэнне для хлопчыка), больш таго, ix сутыкненне стварае канфлікт:

Звер не пазнаў свайго брата, Выклікаў смутак дзіцячы. Лялечны воўк у сапраўдным Брата таксама не ўбачыў.

У творах Дранько-Майсюка звычайная бытавая праява можа набываць функцыю ўмоўна-сімвалічнага, абстрактна-разумовага. I тады гэта не бытавая сітуацыя, a ўмоўна-бытавая, у некаторай ступені больш адцягненая па сэнсу, чым самая чыстая абстракцыя (напрыклад, у вершах «Дом», «Паэзія»), Але ці заўсёды бытавая рэчаіснасць, канкрэтныя прадметы прыроды здольны вытрымаць такі незвычайны для ix цяжар? У бытавых сцэнках паўсядзённага жыцця («Вось вам i снедання сцэнка...») аўтар знаходзіцца настолькі блізка да звычайнага немастацкага апісання, што адзін неасцярожны рух—i верш перастане быць праявай мастацтва, дастаткова толькі крышачку перайграць, пераступіць мяжу.

Шлях небяспечны, але адначасова плённы, калі выкліканы своеасаблівымі мастацкімі прынцыпамі, своеасаблівым светаадчуваннем і, нарэшце, мэтай. На мяжы магчымага i немагчымага, лагічнага i алагічнага (забіты Харон), паэтычнага i немастацкага — верш у Дранько-Майсюка вытрыманы поўнасцю, без дадатковай страховачнай думкі, без дадатковых герояў i вобразаў. Гэтае пачуццё меры, гармоніі сведчыць пра сапраўдныя мастацкія вартасці «Вандроўніка».