Читать «Як пакахаць ружу» онлайн - страница 28

Сяргей Кавалёў

СЦЕЖКІ ВАНДРОЎНІКА

Кніга Леаніда Дранько-Майсюка «Вандроўнік» шмат у чым не падобная на першы зборнік паэта, якім мы сабе яго ўяўляем. I хоць высокі ўзровень вершаў таксама не выклікае сумненняў, але такія паняцці, як узровень, сіла, ступень таленавітасці, у сваім звычайным разуменні застануцца па-за ўвагай нашага разгляду. Ступіўшы на такі небяспечны шлях, шлях, поўны магчымых памылак i абмежаванасцей, суцешымся адзінай перавагай — гэта дасць нам магчымасць найперш звярнуць увагу на творчую манеру Л. Дранько-Майсюка, на сутнасць яго паэтычнага светаадчування. Бо менавіта па гэтых характарыстыках у першую чаргу прыцягваюць да сябе вершы «Вандроўніка». I яшчэ — гэты шлях пры ўсёй сваёй неадназначнасці i другаснасці дазваляе сур'ёзна i грунтоўна разгледзець асаблівасці, структуру твораў, прынцыпы мастацкага мыслення паэта.

Абавязковая прыкмета кожнай першай кніжкі — патрэба знайсці свайго чытача. Нават, акрэсленей,— патрэба ўвагі, зацікаўленасці чытача. З гадамі гэтае падсвядомае пачуццё набывае разумныя памеры, але ў маладых паэтаў яно ўзмоцнена i звязана, мусіць, ca звычайным хваляваннем, з бояззю застацца непачутым, незаўваяжаным. I таму, загарнуўшы апошнюю старонку першай кнігі паэта Леаніда Дранько-Майсюка, здзіўляешся — няма падкрэсленай прагі чытача, аніякага прымусу, прэтэнзіі на цікавасць i, адпаведна, увагу не заўважаецда. Як ні дзіўна, пасля радаснага абурэння ўзнікае пачуццё, быццам чагосьці не зразумеў або зразумеў павярхоўна. Спыняешся ў нерашучасці, разгубленасці, каб толькі потым, адкінуўшы загадзя падрыхтаваныя ацэнкі i вымярэнні, нешта адчуць (шлях суадчування пры адпаведна настроенай танальнасці i будзе, мусіць, найбольш плённы ў разуменні гэтага паэта):

Горад чужы не сустрэне па-хатняму. Брудны вакзал, ні душы. Вуліца доўгая, неахайная— Горад чужы. Дворніка ўбачу, спытаю дарогу... Сябар тут мой i яго сям'я... Дворнік прамовіць: «Ну, дзякаваць богу, Ці ж не пазнаў... гэта я». Ноччу прачнуся і ў сябра спытаю: — Добра табе; тут ці не? — Добра...—адкажа-паспачувае, Пакурыць i зноў засне.

Сэнсавую i пачуццёвую закончанасць, аб'яднанасць зборніку Л. Дранько-Майсюка акрамя агульнай настраёвасці вершаў надаюць таксама скразныя вобразы i матывы, у першую чаргу—матыў вандравання i вобраз вандроўніка, якія сустракаюцца амаль што не ў палове вершаў, а разам з імі — вобраз лодкі i вясла. Часам вандраванне ўдакладняецца як вяртанне, часам — як уласны жыццёвы шлях, шлях пазнання i пошукаў, а яшчэ — спосаб існавання, які стварае своеасаблівы пункт гледжання на навакольную рэчаіснасць. Такім чынам, матыў вандравання мае непасрэднае дачыненне i да настрою, i да сэнсу большасці вершаў. Побач з гэтымі актыўнымі вобразамі праглядваюцца яшчэ два, нейтральна-сумежныя: вобраз настаўніка (у шырокім старажытным значэнні) i вобраз дома (будаўніцтва, вяртанне, развітанне з ім), а яшчэ — матыў іржавага ланцуга (ці проста ланцуга) — супрацьлеглы матыву вандравання. Суадносіны гэтых матываў i вобразаў, асабліва вандравання i ланцуга, ix барацьба, суіснаванне, сувязь (бо ланцуг—i няволя, i сувязь адначасова) — галоўны стрыжань кнігі.