Читать «Як пакахаць ружу» онлайн - страница 15
Сяргей Кавалёў
Самаіронія, іронія да іншых; але Пушкін — не Пушкін, а Сяргей Ясенін — аўтар, акрамя ўсяго астатняга, паэмы «Анна Снегіна» — неяк у гэтым вершы маладога паэта выразна адчуваецца: i ў манеры трымацца, i ў інтанацыі, i нават у самой сітуацыі, па сутнасці.
Літаратурная крытыка — справа ў вялікай ступені суб'ектыўная, асабліва ў падборы цытат i выкарыстанні тых ці іншых вершаў для ацэнкі творчасці паэта на пэўным этапе. Безумоўна, калі б мы ўзялі для разгляду такія нядаўнія вершы Л. Галубовіча, як «Дарожная элегія», «Канец лютага», «Паэзія, ці станеш ты працягам...», альбо ўсяго толькі верш «Воля» — просты, па-дзіцячы мудры, вывераны як законамі жыцця,_так i законам! мастацтва, — высновы нашы былі б зусім іншыя, дыяметральна супрацьлеглыя i самыя што ні ёсць аптымістычныя. Вось толькі ці былі б яны карысныя для паэта Леаніда Галубовіча?..
Шмат публікуецца Адам Глобус, i шмат гадоў чытачы чакалі, калі нарэшце з'явіцца яго першая кніга, якая дазволіла б атрымаць дастаткова цэласнае ўяўленне пра творчасць гэтага арыгінальнага паэта. Чакаў кнігі i сам А. Глобус, але i яго паэтычныя падборкі вылучаюцца прадуманасцю кампаноўкі вершаў, кожная з ix прыадчыняе перад намі нечаканую ўласцівасць яго таленту.
Урбаністычнасць у яго вершах суседнічае з этнаграфічнасцю, міфалагізм узмацняецца прадметнай i фарбавай сімволікай, структурная герметычнасць узрываецца калі-нікалі камунікатыўнай адкрытасцю, а далікатная, паўтанальная ўскладнёнасць назіранняў чаргуецца з яркімі, адназначна кідкімі фарбамі наўмыснага мастацкага прымітывізму. У Адама Глобуса выпрацавалася свая, апазнавальна-выразная манера выяўлення, але з шырокім дыяпазонам варыянтаў, што ратуе ад павярхоўнай зададзенасці i аднастайнасці. Як пластычна i выразна, напрыклад, малюецца вецер у аднайменным вершы, сціслым i інфарматыўна кампактным:
Праўда, трапляюцца ў яго вершы відавочна недапрацаваныя, сырыя: «Парасоны», «Займеннікі», i калі першы з ix увогуле не выклікае ніякай цікавасці, то ідэя другога твора (небяспека пратэзацыі i штучнасці чалавечага шчасця, чалавечых пачуццяў) — цікавая i паэтычна дзейсная, вось толькі цяжка дабрацца да яе i да трох наступных строф праз першую «калекапратэзную» страфу — кангламерат верша i лекцыйнага паведамлення:
Але прываблівае ў гэтым паэце яго прага да самаўдасканалення i самаасэнсавання, заўсёдныя пошукі i эксперымент, i ці не таму так шпарка развіваецца яго талент?
Вось i ў традыцыйна-пачуццёвага паэта Алеся Пісьмянкова заўважаецца той самы няспынны пошук, хаця i зусім у іншым кірунку. Не ўсе яго вершы пазбаўлены ўласных шаблонаў i агульных недахопаў, але такія, як «Ён жыў, любіў i верыў», «Прасіць мне рана пакаяння...», «Дупло», прыадчынілі нам новыя ўласцівасці яго таленту, ды i напісаны ў традыцыйнай манеры верш «Мой сад у снезе па калена» заслугоўвае права быць прызнаным за лепшы песенны тэкст апошніх гадоў, калі ім зацікавіцца кампазітар з добрым густам.