Читать «Як пакахаць ружу» онлайн - страница 14
Сяргей Кавалёў
Але нечакана бурнае ўспрыманне творчасці паэта ўвогуле пачало замінаць нармальным ацэнкам яго канкрэтных твораў, i той жа зборнік «Таемнасць агню» пад гул авацый так i не быў, па сутнасці, прафесійна ўсебакова разгледжаны. У выніку, замест таго, каб спакойна, без перашкод працаваць у паэзіі, гарманічна развіваць свае бясспрэчныя здольнасці, малады паэт вымушаны быў змагацца са славай альбо кінуцца ёй у абдымкі, бо не заўважаць яе ён не мог ні па ўласцівасцях чыста ўнутраных, ні па прычынах чыста знешніх. Пасля аднаго паэтычнага вечара, дзе нават самому Леаніду Галубовічу было, відаць, ніякавата ад незлічоных усхваляваных слоў, кампліментаў i публічна прадэкламаваных маладымі паэтэсамі вершаў-прысвячэнняў, увогуле здзіўляешся, як мог ён потым пісаць добрыя творы i захаваць хоць нейкі драбок самакрытычнасці i дастатковай незадаволенасці зробленым.
Скончым, аднак, наш экскурс у недалёкае мінулае i праканстатуем сумны факт: з усіх нядаўніх публікацый Л. Галубовіча лепшаю з'яўляецца падборка вершаў у «Голасе Радзімы», выбраная Яўгеніяй Янішчыц з «Таемнасці агню». Зусім слабенькія, на ўзроўні сярэдняга пачаткоўца, вершы ў «Чырвонай змене»: снег, каханне, зіма, вясна, зноў каханне. Падборкі ў «Полымі», «Беларусі», «ЛіМе» — значна лепшыя, але побач з моцнымі, глыбокімі творамі («Воля», «Дарожная элегія», «Канец лютага») суседнічаюць творы легкаважныя, «эфектныя», зусім не вартыя таленту паэта. Куды больш, аднак, непакоіць не з'яўленне ў Леаніда Галубовіча слабых твораў, чаго не ўдалося пазбегнуць ніводнаму аўтару, а тое, што амаль кожны трэці твор прысвечаны паэзіі, разуменню яе Л. Галубовічам i яго месцу ў ёй, у кожным трэцім творы прамільгне перад вамі вобраз паэта альбо праслізне слоўца «геніяльнасць». Не заўсёды такія вершы слабыя, часам i наадварот, але сама тэндэнцыя — сімптаматычная i неяк насцярожвае, адсвечвае другаснасцю i часовай зацыкленасцю праблематыкі.
Вось, напрыклад, верш «Сустрэча» —напісаны, трэба думаць, пра каханне і памяць, пра няўмольнасць часу i перамогу паўсядзённых чалавечых клопатаў над вечнымі пачуццямі. Пакінем на сумленні аўтара глыбакадумны «наватарскі» пачатак верша («Як было гэта ўсё даўно?! Як даўно гэта ўсё было?!») i лірычна зробленую канцоўку («Толькі памяць аб светлым леце з намі блудзіць па белым свеце»), хоць заўважым, што памяці больш прыстойна блукаць, а не паводзіць сябе, як блудніца.
Звернемся непасрэдна да сэнсавага ядра верша, да сустрэчы з жанчынай, i ўважліва прыслухаемся да інтанацыі твора, прыгледзімся да манеры выяўлення.