Читать «Паміж зоркай і свечкай» онлайн - страница 19

Генадзь Бураўкін

Чуллівым мемуарыстам О, як вы любіце сябе, Сваю кашулю і прычоску! (Каб гэтак вы любілі вёску, Дзе сівы конь мурог скубе!) О, як вы помніце сябе, Прыгоды даўнія і мары! (Каб гэтак помнілі абшары, Дзе плачуць кнігаўкі ў журбе!) Як ганарыцеся сабой, Сваімі ўмелымі рукамі! (Каб ганарыліся бацькамі Вось так у велічы сваёй!) Як вы шкадуеце сябе, Сваіх прыхільнікаў і дзетак! (Каб край свой шкадавалі гэтак. Дык ён бы сёння не гібеў!) Ды боль чужы, Чужая слава Па сэрцу вашаму не б'е. I вам нічога не цікава, Апроч сябе, Апроч сябе. Папытайце Філарэта... Як у нас бывае гэта, Як людзей мяняе свет, Папытайце Філарэта. Вам раскажа Філарэт. Сан шануючы ягоны, Не пакепвайце з таго, Як дзяржаўныя персоны Уцякалі ад яго, Як партыйныя падлізы, Несучы на твары жах, Адбягалі ўбок ад рызы I свяшчэннага крыжа. Гэта ўсё не толькі модна — Было выгадна, Калі Чорны опіум народны Выкрывалі і клялі. А цяпер парыў інакшы Зачмурае галаву. I былыя слугі нашы Пацягнуліся ў царкву, Бо яны і ў часе гэтым Вельмі хочуць цараваць I ўладыку Філарэту Лезуць рукі цалаваць. Беражна трымаюць свечкі, Не хаваючы слязы, Быццам божыя авечкі, Тупаюць пад абразы. I ківаюць галавою. I ўзнімаюць вочы ўверх. I яны цяпер з царквою Неразлучныя навек... Ну а як завецца гэта, Дзе тут Новы Запавет, — Папытайце Філарэта. Можа, скажа Філарэт... * * * І я — Міжвольны сведка Дзяржаўных эскапад. Гісторыя нярэдка Вяртае нас назад. I помніцца пустое, Што запаўняла дні: Засос часоў застоя, I мора балбатні, I прывід камунізму, I чадны дух віна, I зверху, Збоку, Знізу — Мана, Мана, Мана. Было не сыта надта — І наша ў тым віна. Але ж было юнацтва, Але ж была вясна, Якая лёгка грэла — Я ў гэтым не схлушу — I маладое цела, I юную душу. Струхлеў арэхам грэцкім Той час, Што адышоў. I дзе цяпер пагрэцца Азяблаю душой? Няўжо вяртаць былое I ў сотыя разы Мяняць на аналоі Святыя абразы? Хай свет — У новым танцы, У новай мітусні... Каб толькі не вяртацца Да страху і хлусні, Каб не завяла кветка У маладым вянку І я — Міжвольны сведка — Падаў вясне руку. * * * Навошта жыць, Калі Радзіма гіне? Каму спяваць, Як водгулля няма? На ўсіх шляхах, На кожнай лугавіне Ляжыць адчаю Белая зіма. Разбойны вецер Шастае па полі, Каліны прыгінае да зямлі. Да цёмных хат, Да цёплага застолля Завеі ўсе дарогі замялі. Гляджу ў бязмежжа Сумнымі вачыма, Угадваю сцяжынку ад бяды ... Глухі прастор. Знямелая Айчына. На белым снезе — Чорныя сляды...