Читать «Паміж зоркай і свечкай» онлайн - страница 17

Генадзь Бураўкін

Вольная дума

Наследуючы Янку Купалу

Дзе ўжо хацець весялосці і смеху — Столькі кавокал няпраўды і глуму!.. Толькі адно застаецца мне ўцехай — Вольная дума. Песні высокай сціснулі горла, Плача жалейка тонка і сумна. Але жыве раскавана і горда Волькая дума. Злодзей, Забойца, Вар'ят Ашалела Лезуць з чужога пірацкага трума. Зводдаль сядзіць Папялушкай нясмелай Вольная дума. Хочуць забраць нас для новага пана — I ўжо названа I дата, I сума. Вось і рыдае ў душы несціхана Вольная дума. Можа, наперадзе радасці мала, Як перад чорнаю хваляй самума, Ды не скарылася і не сканала Вольная дума. Сіл набярэцца яна і ўваскрэсне Зхлуду, З нявер'я, З дзяржаўнага тлуму I празвініць трыумфальнаю песняй — Вольная дума! * * * Ці дапаможа нам Расія Па свеце не пайсці з сумой, Калі ў самой слабеюць сілы I ласкі хочацца самой? Няўжо мы гэтакія зломкі, Што не разгонім каламуць I нашы продкі і патомкі Нас за няздатнасць праклянуць? Няўжо мы паддадзімся здзеку I прададзім, Як бабылі, Усё, Што бог нам даў спрадвеку, Усё, Што самі здабылі? Навошта хочацца камусьці, Каб не вярнуліся назад I праляцелі міма гусі Паўзверх рабінавых прысад, Каб раптам анямела песня Каля наддзвінскага сяла, I моўчкі высахла Палессе, I Нарач бросняй зарасла? Дзеля чаго тупая здрада Цішком крадзецца з-за хлявоў? Няўжо Расія будзе рада Займець бяздарных халуёў? Няўжо ў пачвары двухгаловай На нас раскрыты кіпцюры I ўсе Крывёй сваёй і мовай Мы захлынёмся без пары, А на рамонкавым абшары, Дзе могілкі між саснякоў, Пір будуць ладзіць янычары У чорным чадзе шашлыкоў?! Усім, Вусатым і бязвусым, Крычу я ім, Як на крыжы: "Ну дайце ж, Дайце беларусам Сваёю хатаю пажыць!" * * * ...Ідзе ў кабінетах высокіх гульня, Бушуе манкуртаў гарластая раць: Ці мову мяняць, Ці дзяржаву мяняць, Ці, можа, абедзве суседу аддаць ... Усё, як у хворым прыдуманым сне ... Не дай Бог дажыць да часіны, Калі Унук нас на мове чужой пракляне За тое, Што родную не збераглі... * * * Чорнымі зданямі, Пнямі-агаркамі Шлях баравы абступілі карчы. Зноў па ўсім краі ахрыпла закаркалі, Крыллем залопалі Крумкачы. Покуль яшчэ ледзь займаецца раніца, Покуль ваколіца дрэмле ў цішы, Так яны пнуцца, Так дружна стараюцца Мову ў нас вырваць з прымоўклай душы. Люта пявучае слова дадушваюць Воля чужая I час наш цяжкі. Сонна пасопваюць раўнадушна Працаю змораныя землякі. У прыдарожнай смузе васільковай Ранняя зорка ўзгарэлася б хоць! Не адыходзь, Мая родная мова! Матчына песня, Не адыходзь! Не пакідайце мясціну святую, Што разгубілася ў новай бядзе! Хто вас без нас зберажэ і ўратуе? Хто вас без нас да душы прыкладзе? Верце, Мы можам яшчэ абудзіцца I прыбяром ад дарогі карчы. I прынясе нам святло зараніца. I пахаваюцца ў змрок крумкачы ... Памірала жанчына Жанчына ціха памірала, У вечнасць чорную плыла. То ў цемру стомлена нырала, То ўскідвалася да святла. Яе наструньвала імкненне Адчайна вырваць з небыцця Хаця б глыток, Хаця б імгненне Зямнога грэшнага жыцця. Кусала вусны, каб не войкаць, Шукала на экранах сцен Самотным невідушчым вокам Кахання прывіднага цень. Яна ўжо ведала, Як мала Дыхання засталося ёй, I развітальны крык трымала Усёй істотаю сваёй. У барацьбе з хваробай лютай Ёй так хацелася, відаць, Каб і апошняю пакутай Нікому клопату не даць ...