Читать «Паварот на лета» онлайн - страница 5

Ніна Мацяш

* * * Штогоду з бярозы мільярды насенінак падала, І сёння мільярды віруюць, як зорная россып, Каб з іх прараслі — апраўданнем, аплатаю — Чатыры бярозкі. 1974 ВАСІЛЬКІ Як рана васількі завасільковелі! Ці гэта я спазняюся? Няўжо Мінулася вясна? Адна аскоміна Перапарэлых, выгарклых дажджоў... Спазняюся. Ва ўсім... І рассыпаюцца, І выпадаюць звёны спакваля, Як поры года з пачуццёвай памяці, Памкненняў, дружбы звёны... А ў палях Красуе жыта! Як і трэба ў чэрвені. Не знае глеба ленасці душы. Каля дарогі ў каласоў гушчэвіне, Як воклік лета, васілёк дрыжыць. 1974 * * * Твайго палону прагну я — Не адпускай мяне, работа. Хай дыхае у твар спякотай Ралля суровая твая. Адно на ёй, адно на ёй Каласаваць таму спакою, Што непастойнасцю сваёй Знявечаную памяць гоіць. Ён, як бясцэнны дар, нясе У плыні руху забыванне, Што след наш тут — след па расе, Што вечны тут адны пытанні. Але з прасветласцю якой Сцвярджаць я свету не баюся Сваёю кожнай баразной: Жыву! Люблю! Не наталюся! 1974 ТРЫ ПЕСНІ Колькі песень ты, мамачка, некалі ведала — мора! Калі рэдка спяваевда, мусяць яны забывацца. А тры песні твае не канчаюцца нават у горы: Песня працы, Яшчэ — песня працы, І зноў — песня працы. 1974 * * * Не сніся мне. Навошта снішся мне? Усё між намі выяснена, вырашана, І пра ўгавор наш помню я і ў сне. Не сніся мне. А стрэч не пазбягай. Не бойся стрэч. Цябе маёй пяшчотай не абражу я. Рук не ўскладу на шалі тваіх плеч. Не бойся стрэч. Насупраць сядзем. Ты ўсміхніся мне. І я ў адказ — спакойна і нязмушана. Пра угавор наш помню я і ў сне... Не сніся мне. 1974 БАЛАДА МАРЫ Дзівосным пер'ем грае цёплы птах, — Ажно шчыміць і замірае сэрца Ва ўзбуджана шчаслівай паняверцы Раскошу гэту бачыць блізка так. І рукі узлятаюць да яе, І пальцы чуюць трапятлівасць цела! Але, зіхоткая, амаль нясмела Ірвецца птушка прэч і растае... Асірацела гойдаецца трон — Вечназялёны куст, што цуд той гушкаў. Была такой вясёлкаваю птушка — Скуль на далоні чорнае пяро? 1974 * * * Мы стрэнемся, хоць нас ужо не будзе, Не будзе ні мяне, ані цябе. Наступнікі, нязнаныя нам людзі, Аявяць немагчымае цяпер. І той, хто нас адорыць стрэчай гэтай, — Сярод уласнай лютае зімы Знячэўку словам нашым абагрэты, — Не будзе нават ведаць ён, што мы Нягучнай тою, запаветнай песняй, Што болем адазвалася на боль, Нябачана ў чужой душы ўваскрэслі. ...А тут я размінулася з табой. 1974