Читать «Паварот на лета» онлайн
Ніна Мацяш
Ніна Мацяш
Паварот на лета
Падрыхтаванае на падставе: Мацяш Н. Паварот на лета: Вершы, паэмы.— Мн.: Маст. літ., 1986.— 158 с.: іл.— (Б-ка беларус. паэзіі).
* * * Лёс мой, лёс мой — цяжкі колас, часам — цяжкі камень... Мне люляць цябе да скону кволымі рукамі. Мне з табою быць сам-насам і несці у людзі то ў кароне промняў ясных ды ў пчаліным гудзе, то шукаць табе ратунку ад навалы чорнай. Час падлічвае рахункі, мелюць часу жорны. Думкі, крокі, гнеў і радасць, — будзе хлеб ці ўдалы? Не скрывіць душой ні разу — гэта шмат ці мала? І любіць ажно да болю, як матулін голас, Беларусь — і сонца, й долю... Лёс мой, цяжкі колас! 1970 АГОНЬ УНАЧЫ Няма святла. Відаць, абрыў на лініі — Вятрыска ж круціць, нібы ашалеў. Прыклала ноч свае далоні сінія Да шыб, дрыжачых пад гундосы спеў. А мне — утульна, нечакана хораша, Прыціхшы, слухаць буру і сябе, Ступаць за думкай без шчымлівай горычы, Як аратай за плугам пры сяўбе. Ды раптам сэрца працяло трывожнае: А што, калі з дарогі хто зблудзіў Ці проста страшна стала падарожнаму, Што ў непагадзі ён зусім адзін?.. Асмалак свечкі леташняй каляднае Шукаю ў скрынцы вобмацкам хутчэй — І вось ужо з акна майго выглядвае Скупы агеньчык, добры гном начэй! Шыбуй сюды, знявераны і стомлены! Тут рук сяброўскіх шчырае цяпло. І падалося мне: сам шквал надломлены Быў гэтым кволым, прызыўным святлом. Калі ў сваёй дарозе, часам здрадлівай, Згублю з-пад ног збалелых цвёрды грунт, Я так хацела б, каб і мне здагадліва Агеньчык нечае душы спагадлівай Выратавальна ў вочы зазірнуў. 1967 НАДЗЕЯ Цябе разгубленасць катавала, Ты спатыкалася, ды ўставала. Цябе паліла агнём няўдачы, А гы па прыску ішла гарачым. Канала ты на кастрах адчаю, Ды зноўку з попелу — жывая! Даўно б згібела без цябе я, Мой добры Фенікс, мая надзея. 1967 АМО ТЕ «АМО ТЕ, АМА МЕ, FIDES IMMORTALES» — «Кахаю цябе, кахай мяне, вернасць бяссмертна», — пісалі старажытныя рымляне на заручальных пярсцёнках. З Рыма, з даўніх-давён, Праз стагоддзі-вякі, У абрадавым звоне крыштальным Прыкаціуся пярсцёнак Да жаночай рукі, Прыкаціўся пярсцёнак Да мужчынскай рукі, — АМО ТЕ, АМА МЕ, FIDES IMMORTALES. Блаславіў Гіменей, Абяцаў Гіменей Сонца, шчасце раскрыленых даляў. І выстукваюць сэрцы У цябе і ў мяне: АМО ТЕ, АМА МЕ, FIDES IMMORTALES. Па жыцці не прайсці, Каб не зведаць бяды. Нам бы ж толькі пярсцёнкі шапталі Праз вясну і праз слоту, Праз сівыя гады: АМО ТЕ, АМА МЕ, FIDES IMMORTALES. 1968