Читать «Паварот на лета» онлайн - страница 3

Ніна Мацяш

* * * Ціхая ласка рук, Стрыманы дотык вуснаў... Замоўкну. Перагару. У будні мае вярнуся. Нібы дзве зоркі мы. Значыць — не месца скрусе. Будуць грымець грамы, — У будні мае вярнуся. Будуць старэць сады У штоліпнёвай задусе, Стануць гады ў рады... У будні мае вярнуся. Пісьмы ўсе... не спалю... Памяць скручу у вузел. Забуду зусім. Разлюблю. У будні мае вярнуся. ...Думала, мур кладу. Верыла, што — надзейна. Раду якую знайду? Дзе ж мне цяпер падзецца? Ціхая ласка рук, Стрыманы дотык вуснаў... Зноў не згараю — гару... Зноў не згараю — гару... 1971 * * * А можа, так яно і трэба, Каб то буран, то капяжы, Хадзіць у буднях, як у зрэб'і, Свой несці крыж і даражыць надзеяй, роспаччу і верай? Так, толькі гэтак быць павінна: Аднойчы спрагнуць трох дарог І выбраць тую пуцявіну, Дзе згубай грозіць кожны крок, каб — усміхнуцца пераможна! ...З адным не прымірыцца мне: Што я кахаю Вас, Вы — не... 1971 ВЯРБА Хто ўпершыню назваў цябе плакучай, Самотная вярбіначка-вярба? Відаць, вялікім горам быў засмучаны, Нязмернаю была яго журба, Калі ў табе, датуль незаўважанай, Сябе самога раптам распазнаў, Як некалі дзікун, спасцігшы занава, Што сутнасць і людзей, і дрэў — адна. І што даецца толькі тым жывучасць, Хто годны ў муках сцвердзіць сваё «я». Ці не паэт назваў цябе плакучаю, Вярба мая, сястра мая? 1971 * * * Чакаю цябе. Так жаўронак світання чакае, 3 чужой чужаніцы дадому вярнуўшыся ўночы. Чакаю цябе. У сваім неспакоі блукаю, Які мне то памяць тваю, то няласку прарочыць. Жыву без цябе, як без лесу бяроза на ўзгорку Высокая, дужая, толькі заўжды ў адзіноце, Нязломная, толькі ці ведае хто, як ёй горка Адной грэцца сонцам, калі гэта сонца ўзыходзіць... Чакаю цябе. 1972 * * * Я думала, люблю адну вясну: Вясной так лёгка пераблытаць, дзе я, Вясною так пяюць ва мне надзеі, — Я думала, люблю адну вясну. Я думала, што восень не цярплю: Так непрытульна і маркотна ўвосень, Так адзінока з тым, што не збылося, — Я думала, што восень не цярплю. Але загуў прасторы сіні звон — І колькі часу ўжо адно ўяўленне У родны край вядзе, як у збавенне, — Ударыла разлука ў сіні звон. І ўсё прымаю, лета і зіму, Паводку бурную і ліставею. Калі зямля, як сонца, душу грэе, — Благаслаўляю лета і зіму! 1972 ЯЛІНА Не пытаю, яліна, чаму З боку поўдня пышней тваё голле: Неаднойчы і нада мной Сцюжа люта скуголіла. І зусім не пытаю, чаму Ты ніколі у поле не выйшла: Без сябрыны побач і я Не выжыла б. 1973