Читать «Паварот на лета» онлайн - страница 2

Ніна Мацяш

РАСЧАРАВАННЕ Расчараванне — як абвал. Хіба ўгадаеш гэта ліха? Уцёк каменьчык з-пад нагі, За ім знянацку і другі, Чацвёрты, восьмы... Шчэ імгненне — І вось пад кручу ужо, уніз, Лавіна груку і камення! Галёкне рэха ў катлавіне, Заб'ецца спуду ў стромах сініх, І раптам стане ціха-ціха... Расчараванне — як абвал. 1969 * * *

Памяці Леаніда Якубовіча

Я — камень, кінуты ў раку. Кругі, расходзяцца кругі, Усё шырэй, шырэй, здаецца. Ды раптам зыркне бліскавіца, І ўжо не вочы ўбачаць — сэрца: Усё шчыльней, шчыльней кругі... 1970 ЖЫЛА-БЫЛА РАКА «Не адгаворвайце, — рака прасіла Сваіх разумных, асцярожных сёстраў. — Я маю знаць, што там, за гэтым лесам. Я толькі гляну і назад вярнуся». А за дубровай стэп ляжаў асмяглы, Любімы толькі кавылём ды ветрам. І рэчка-неўгамонка навучыла Яго, няплоднага, сады выпешчваць. «Малю, застанься тут! Навек пашана І слава з тваім імем будзе зліта». «Даруйце... Але ж мне мусова трэба Даведацца, што там, за той гарою...» — Шапнула рэчка стэпу вінавата. Быў шлях яе і доўгі, і нялёгкі. Нарэшце стаў лавіць напяты слых Якісьці невыразны, певыказны, Як мара неакрэсленая, пошум. Забілася няроўна, гулка сэрца У шчасным прадчуванні адкрыцця. Ды трэба ж! Паслізнулася рачулка На шэрай, абыякавай скале І ўніз — грудзьмі ў бяздоннае правалле!.. I, падаючы, шчэ вярнуць паспела Замоўленай сівой цясніне мову І на ляту ўжо ўчула шчэ пра мора, І мільганула яснае: «Дайсці б!..» Жыла-была рака... Жыві, рака! 1970 АДЛІГА Перапацелі шыбы, учора шызыя, І цінькаюць цяжкія кроплі зрэдку. З чаго ж ты, сэрца, радасцю пранізана? Я толькі ў маі знаю цябе гэткім! О сэрца, ты такое рызыкоўнае: У студзені адліга — не прадвесне. Табе ж хапае промня выпадковага, Каб ашукацца І каб уваскрэснуць! 1970 Я ВАС ЛЮБЛЮ На Ваша «ты» сказаць Вам «ты» не смею, І калі позірк позіркам злаўлю, Як птушанё, спалохана нямею. Я не кахаю Вас. Я Вас люблю. Святла, што падарылі, не растрачу. І шчырых слоў ніколі не згублю. ...Нашто журба у цёплых зрэнках Вашых?.. Я не кахаю Вас. Я Вас люблю. 1970 НЕСПАКОЙ У мяне ўсё добра, ціха, ясна. Гэткі ж ясны і спакойны дзень. Дык чаму ж, як пры бядзе уласнай, Штось таемнае душу гняце? Сонца залівае тратуары У абдымках густалістых ліп. Углядаюся ў людскія твары: Чый жа боль сягоння мне баліць? 1971