Читать «Прыручэнне вясны» онлайн - страница 9

Ніна Мацяш

БЫЛО РАССТАННЕ Было расстанне назаўжды. Так трэба, ведалі абое. І два каменных гарады Нас падзялілі між сабою. Далоні ўладныя свае Раўніва ўсклалі нам на плечы, Сказалі: «Помніць недарэчы» — І ўкінулі ў віры свае. Міналі месяцы, гады. Сцяна няведання ўставала. Было расстанне назаўжды. Не ўспамінаў. Не ўспамінала. Вясну, хоць заплаці ўтрая, За восені слату не купіш, Дзе непрыкаянасць мая Уселася ў чырвоным куце. Было расстанне назаўжды. А колькі ж лютых мінавала? — І хваляй весняе вады Сцяну як маем змаявала. Чытаю твой кароткі ліст, Які, як парастак нязломны, Прабіўся з нашага калісь У дзён цяперашніх улонне. І змоўклі стражы-гарады, І на скрыжалях іх заззяла: Не забываў, Не забывала. Было расстанне. Назаўжды? 1977 ЗА СОСНАМІ—МОРА

Пляменніку Ланку

І Упарта, пругка сэрца мора б’ецца. У памяць — хвалю шызую — ступі: Разгубленасці ўзрост мінуў, здаецца — Трывогам месца саступіў. У цяглых сосен праз гушчэўе веек Глядзіць сцярожка неба сінізна. О, боязь за другога чалавека!.. Адна ты робіш чалавека з нас. Адна ты нешта ў гэтым свеце значыш. На поўдні зноў хмурына усплыла... На золку чайкі, як жанчыны, плачуць, Страсаюць цішу з белага крыла. II Дзень натхнёна вяслуе пунсовым вяслом, Выплываючы з мора. Колькі вас, для каго сёння не прынясло (Як і ўчора) Ані ўзнёслых мінут, ні жывучай тугі, Ні хвіліны жадання Нескарона рассунуць (хоць на крок) берагі Свайго існавання... След на ўбітым пяску ўвачавідкі зацёк Каляроваю пенай. Акунаюцца целы ў хвалі (лёсы ў быццё) Раўнадушна і лена. З сытай зморай гайдаюцца на ружовай вадзе. І спрасонак Ледзьве-ледзь адзначаюць: плыве міма дзень На вёслах пунсовых. III «Табе лягчэй: ты ўжо змірылася». ...Ківаю галавою згодна, Сачу, як цвёрда і лагодна Выводзіць мора штось кірыліцай. Такое мернае, пакорнае Сваім дыханнем галубіным. ...Трагічным знакам бур глыбінных — Палоска на ўзбярэжжы чорная. IV Хваля доўга вагалася ў незнаёмых глыбінях, Прымервалася, выбірала, Нарэшце — Спружыніста ўскочыла, Рассмяялася белазуба, Падалася ўсім целам — І вось Пасяродку ўтравелага лета, Як суніцы, Зоры збіраю, — Так ускінула хваля крутая мяне. Упіваюся сілай сваёй нечаканай, Халадзею ад думкі, Што гэта ўсяго на імгненне. Я падоўжу ўладу над часам! — Я замкну чароўную хвалю, Абгараджу, прыпыню! ...Ні прасторы галавакружнай, Ні зор. Смяецца над загародкамі Стыхія. V На ўзморы туман беспрасветна-густы, Аж сонцу на неба не ўзбіцца. Замкнёны рашуча на ключ залаты Чаканні, каторым не збыцца. І кінуты ключ залаты у ваду, У горкую продань марскую. І зманьвай не зманьвай цяпер — не прыйду, Гукай не гукай — не пачую... VI Не да мора прыбеглі сосны — З мора выбеглі свет паглядзець. У трывозе за лёс людзей Зелянеюць яны і сохнуць. VII Хвалюецца салёная разлога, Дзень, як бурштын, хаваючы на дне. Усё ўспамінам стане, і дарогу Перамяце, засыпле ранні снег. А ўдома загудзе на ветры голле, У волкай цемры цяжка зашуміць — І уваскрэсне, І падкоціцца да горла: Стрывожанае мора, Дзюны. Мы... 11-18.07.1975 Дубулты