Читать «Прыручэнне вясны» онлайн - страница 7

Ніна Мацяш

БЯЗЛАДНАЯ РАЗМОВА Пагаварыць з табою трэба мне, А я пакутна падбіраю словы: Зусім дзяўчынка ты ў маіх вачах, А я ў тваіх чытаю столькі болю... Як недарэчна, што душы мудрэць, Мужнець ёй толькі ад рубцоў уласных І раны, што скрывавілі мяне, Цябе не ўберагуць ад ран тваіх. Паслухай, сёння, калі што й скажу І прыгадаю пачуццё, якое Абразай падсякалі, як з абрэза, Не думай, што цябе хачу суцешыць Падобнасцю людскіх перажыванняў: Не ўсцешыла б мяне бяда чужая, Хай і ў мінулым гэтая бяда. Цяпер, калі па валасах маіх Усё натхнёней чыркае галубка Крылом з'інела-белым, Я хачу Упэўніцца, ці гэтак, бы ў юнацтве, Да новых ран маё гатова сэрца... 1977 * * * «Прапашчы чалавек!..» — І адкаснуцца, З недаравальнасцю напагатоў, Уласнай цнотаю прыстойналюбца Надзейна асланіцца, як шчытом? А той дзівак, знявераны, знябыты, Спусцелы на нічыйнай паласе, Свой мулкі скарб, апошні, непрапіты — Сваё каханне — да цябе нясе... «Прапашчы чалавек...» Як бы не ўсе мы Па-свойму прападаем, хто з чаго... Часцей зусім не тое жнем, што сеем, Заместа жураўля — каб хоць шчыгол... Аднак, і па-над самай прорвай змрочнай, Калі няма ні волі ўжо, ні сіл, Ратуюць нас каханых нашых вочы, Каб да жыцця і сэнсу ўваскрасіць. Любоў мо й судзіць, ды з пляча не рубіць. Дык што ж, уяўна праведныя, мы Не думаем, а хто ж руку нялюбым Падасць у іх усёрашальны міг?.. 1978 ПЕРШЫ СНЕГ Над даляглядам вечар устае, У шыбы вецер апантана ляскае, І снег, і снег, як спозненая ласка. ...I гэтак жа, як ласка, растае. Яшчэ лісты самотныя гараць, Яшчэ не ўся трава ў зіму ўмарожана. Не гавары са мной неасцярожна, Пяшчотай выпадковаю не рань. На недавер мне сіл яшчэ стае, Не веснавосць з вясёлкавымі краскамі, — А снег, а снег, як спозненая ласка, І гэтак жа, як ласка, растае... ЖАРТ У шчасця майго Тваё аблічча, Твой голас, Твае вочы і ўсмешка. Нават дзверы не стамляліся Чакаць твайго стуку. І ён раздаўся нарэшце: «Гэта я, тваё шчасце. Адчыні!» Але што гэта?.. Не тое аблічча, І голас не той, І не тыя вочы і ўсмешка. Не паспела я Абурыцца такім самазванствам, Як пачула: «Ах, якая ты смешная! Жарту зноў не пазнала? Гэта ж я, Твая адзінота!» 1977 * * * Лякаюцца: вярнулася зіма... І ў доказ гэтай з'явы абуральнай Паказваюць на снег, як на замах На жаўруковы спеў світальны, На кані крык і на бусліны крок Па ўчора абагрэтай лугавіне, — А сёння покавак зялёных кроў Ад маразоў раптовых стыне. Вярнулася зіма? Так. Зацвіла Натхнёнай, апантанаю завеяй! Ды ў халады працяглыя, з крыла Буслінага страсаныя, не веру! Не марна прагнуў распусціцца бэз, На ледаход так галасілі кані Не марна: каб прачнулася ў табе, Што сонца ўсё-такі цябе шукае! 1977