Читать «Прыручэнне вясны» онлайн - страница 13

Ніна Мацяш

НЕ У РЫМ ВЯДУЦЬ ДАРОГІ Так хораша не можа доўга быць — Недаўгавечна шчасце чалавечае. Адказваць на каханне часта нечым, Хоць ненатольна прагнецца любіць. Так хораша не можа доўга быць. Пакуль адчужанасць не знае нас, Пакуль адно ў адно мы пераліты, Пакуль між трох мільярдаў на Зямлі ты Адзіны мне, і я ў цябе — адна. Адчужанасць яшчэ не знае нас. Не ў Рым дарогі ўсіх людзей вядуць, А да вякамі снёнай узаемнасці. Не бачыла, як ты масты свае масціў, Ды помніла, што я цябе знайду. Не ў Рым дарогі ўсіх людзей вядуць. 1976 * * * Сказала: «Лепей саматой». Не лепш. Сказала: «Так прасцей». Куды як проста!.. І хлеб, з табой не дзелены, — Не хлеб. І шлях — Абраны быццам не па росту. Гайдаў Сусвет. Упёрлася ў куток. Лячыў парыў. Прыгорбіла натома. Як ні рыхтуй сябе загодзь — Ніхто Не можа да самоты быць гатовы. А вёрсты ўсе ўмяшчаюцца ў адну Адлегласць — На працягнутую руку. Даверліва ўсміхнуцца. Працягнуць. І збаўлены ад адзіноты мукі. Звычайны рух. Магутней, і глыбей, І справядлівей той касмічнай прорвы, Якая Адрачэннем ад цябе Лядзяна зеўрае; «Не руш, Не роўня». Чым далей ад паверхні мы зямлі, Тым даступней нам яе глыбіні. Імя тваё мне Не перабаліць. Ніколі. Знаю. Быў і ёсць. Любімы. 1978 ВАСІЛЁК Само лета ў імені тваім, Само лета. Цэлы лёс наш аказаўся ім Абагрэты. А высокай радасці куток Не абжыты... Ходзіць хваляй, чыстай і крутой, Поле жыта. Расхінуцца раптам каласы — Проста ў вочы Таямніцай смутку і красы — Васілёчак... Столькі лета ў імені тваім! 1977 * * * Панянькавала за свой век нямала Мар, і памкненняў, і жаданняў я, А заклінаю так, як заклінала: Хай беражэ цябе любоў мая. Заступіць хай усе шляхі-дарогі Любой нягодзе і любой слаце, Каб, як хваробы, роспачнай знямогі Ніколі не спазнаў твой доўгі дзень. Якім ты ёсць і стаць якім гатовы, — Хай светлай будзе лёсу каляя! — Ад злой няўдачы, ад ліхой намовы Хай беражэ цябе любоў мая. За сэнс высокі, што жыццё займела, За мой вясёлкаю замкнёны круг, Дажджынкай шызай ці сняжынкай белай Я прыпаду к табе і паўтару: Дзе б ты ні быў, якой бы ні была я І кім бы для цябе ні стала я, — Хай над табою ластаўкай крыляе, Хай беражэ цябе любоў мая. 1977