Читать «Прыручэнне вясны» онлайн - страница 8

Ніна Мацяш

* * * Жанчына вясну прыручала — У глечык ваду набірала І ставіла ў глечык галінку, Счарнелую ад маразоў. Жанчына вясну прыручала, Святлейшы куток выбірала, Каб зазелянела галінка, Счарнелая ад маразоў. І дзіўна было, і тужліва: Як мала для покаўкі трэба, Каб з сілай расплюшчыць павекі І цветам глянуць на свет. І дзіўна было, і тужліва: Як мала для покаўкі трэба, Так мала, як чалавеку, Каб цветам акінуўся свет. Жанчына вясну прыручыла, Што ненадоўга — знала, Што нерат сцюдзёны плесці Завеям яшчэ не раз. Жанчына вясну прыручала... Нема галінка крычала Белым суквеццем пра шчасце, І крык той у сэрцы не гас. 1976 АЛХІМІЯ Маўчаць твае словы... На раскрыллі карычневай страказы Насцярожаны час Неўтаймавана трапеча І абарочваецца Транзістарным голасам касманаўта, Які канстатуе, (Маўчаць твае словы...) Што наша планета ўся ў хмарах, Мноства хмар — І над сушай, І над акіянамі. (Маўчаць твае словы...) Мне здаецца, Я ведаю шлях, Па якому вяртаецца сонца! (Маўчаць твае словы...) З хваляваннем бяру: Промень пагляду, Каліва ўсмешкі, Даверлівасць рук, Ненатольнасць пацалунка, Злучаю ўсё гэта ў колбе сумнення, (Маўчаць твае словы...) Грэю, грэю дыханнем сваім, Аж пакуль не ўпадзе На раскрылле карычневай страказы Чыстае, быццам слязіна, «Люблю». 1976 * * * Трывалае, трывушчае ты, Сэрца. Цябе, Нібы стыхія першабытная, Смяротна перапоўніць пачуццё, Цябе, Як промнем лазерным, Пратне З бязлітаснаю асалодай Узаемнасць, А ты На гэтай прывіднай мяжы Неверагоднасці і явы — Ты тут адно і ўсведамляеш Сябе жывым! 1977 ПЕСНЯ МАТЧЫНАЙ МАЛАДОСЦІ Святлом і ценем хвілю працяло: Знарок ці незнарок? Сабе ці мне? — Вяртае мама песняй маладосць сваю: ...Насыпаў пшанца Аж па каленца, Наліў вадзіцы Аж па крыліцы. Галубка не есць, Галубка не п'е, На круту гару Усё плакаці йдзе. — Галубка мая, Шызакрылая, Якая ўдалася Ты журлівая! Ой, ёсць у мяне Семсот галубоў. Лятай, выбірай Па сэрцу любоў. — Ой, лятала я, Выбірала я. Не знайшла такога, Як страціла я... ...А на старой бярозе за акном Кажнюткі ліст імя тваё калыша. А за парогам кожная сцяжынка Звіваецца ў дарогу — да цябе І што ні міг, сваёй кажнюткай нотай Святло і цень складаюць гімн — табе. 1972