Читать «Прыручэнне вясны» онлайн - страница 10

Ніна Мацяш

ЗА СПАТКАНАЕ ШЧАСЦЕ…

* * * За сялом палавеюць жыты, Росна песня дзявочая ўзносіцца: «Твой пярсцёнак, ды твой залаты, Мне на ручаньку правую просіцца...» На свае нам пацэліць кругі — Непрамая дарога, няблізкая. Дар сярэбраны, дар дарагі На маёй ды на левай паблісквае. Ад Расстання да Стрэчы ляцець: Два прыстанкі ўвабралі прычалы ўсе. ...Над ваколлем трымціць залацень Жыта й песні, яна — не канчалася б!.. Пасярод наступальнай слаты Так раптова надарыцца просінцу! «Твой пярсцёнак, ды твой залаты, Мне на ручаньку правую просіцца...» 1977 ТЫ Быў. І не было. Пры выпадковых, Неназолістых спатканнях зрэдзь Бестурботна ападалі словы З доляю ні радаваць, ні грэць. Быў. І не было. Не бачна воку, Як карэнне дастае з зямлі Над ільдамі, камянямі сокі, Каб у дрэва песню лета ўліць. Дзёрзка выбухнула лістота — Твая пяшчота. Што яна шукала ў маім лёсе? Сцверджання? Бунтоўнай праваты? Што шукала — ці знайсці ўдалося? Быў. І не было. І раптам — Ты!.. 1976 ГАЛЬФСТРЫМ Раскавана дыхае Гальфстрым!.. I, як там, дзе шчодрыя пасаты Дотыкам да вычарнелых дрэў Квеценню абсыпалі сукі — Бачу я, як расцвітаюць людзі Лепшымі галінамі душы! Бо к табе, адзінаму на свеце, Вырваўшыся з даўкай нематы, Як Гальфстрым з Фларыдскае пратокі, Цяжка, безаглядна, як Гальфстрым, Хлынула к табе маё каханне. Хто ты мне? Нашто ты мне? Чаму Аддзяліць цябе ўжо немагчыма Ад жыцця майго, Як немагчыма Ад зямлі нябёсы аддзяліць? Ды хіба пытаюць у Гальфстрыма Пра ягоны выбар акіяна, Пра ягоны выбар берагоў... Ён бурліць — і адступаюць айсбергі, І ў далонях шыраты паўночнай Дарам найвышэйшай справядлівасці Фарбы поўдня дзёрзка раскашуюць! Ці ж не чуеш ты І ці ж не бачыш, Што— да недаўмення — перавернуты Свет сцюдзёных, непрытульных вод, Што ўжо незваротна-новы свет Явай непаўторнаю пануе?! Не змаўчы маўчаннем таго вострава, Дзе Гальфстрым знаходзіць сваю гібель — ...I ўсё роўна рвецца да яго! 1972