Читать «Прыручэнне вясны» онлайн - страница 4

Ніна Мацяш

* * * Дзе твае межы, дабрата? (3 крывёю повязі ірвуцца...) Своечасова б забрытаць, Каб злом табе не абярнуцца... Каб шчодрасць годная твая Не стала дробязнай апекай, З якою робіцца ўтрая І пуста й душна чалавеку. Ён паспрабуе ўсё прыняць, Даць усяму сваё найменне, Ды не даруе, дабрыня, Спагадлівага прыніжэння. 1977 * * * ...I прыпасе нялёткае імгненне: Зноў змрочна, глуха. А ты не маеш права на сумненне, На стому духу. Не маеш права ты ў нявер'і горкім Шукаць прычалу, — Не прабачаюць здраду нашы зоркі, Не прабачаюць. 1977 * * * Цуд не бывае нечаканы, Не спраўдзіцца яму раптоўна: Жаданы пасля ночы ранак, З карэньчыка ідуць бутоны. Зялёнай клеткай хларафілу Завяжацца першапрычына, — Хай выстарчыць бунтоўнай сілы Зрабіць рэальнасцю магчымасць!.. А хто не меў тут дачынення, Слязы ні ўсмешкі не патраціў, Той цудам назаве здзяйсненне... Была ж, як выклік, праца. Праца! 1977 * * * Ловяць далягляд гады імклівыя, — Таямнічы, непазбежны дар... Чалавек адно датуль шчаслівы, Покуль сам умее шчасце даць. І адвеку будні нашы ўпарта Цвердзяць, новы беручы рубеж: Дай нам, лёс, таго, чаго мы вартыя, Каб не здрадзіць нам самім сабе. 1977 * * * Хто вас прымаў калі, парады: «Будзь асцярожней, тут асцюк»? Удзячна колкаму жыццю, Што выхварэла гэту праўду: Там сэрцу засень адшукаць, Дзе сонца смаліць без патолі. ...I каласуе маё поле Пад горным знакам васілька. 1977 * * * Дэкаратыўная свяча На століку; а на марозе — Напята-белая бяроза... Адкрэсліць! Занава пачаць! Што адцвіло — таму сатлець, І ўжо няма другога выйсця, Як толькі — пераможна смець Шукаць лістотай новай высяў. І не баяцца перамен У лёсе, гэтак, бы ў прыродзе! Як выдых: Хай былое — тлен, І як удых: Няхай зародзіць! 1977

МЁДУ СЛЯЗІНАЧКА СВЕЦІЦЦА…

РУКІ МАЦІ Як соладка спіцца У роднай хаце, Калі пасцель табе Слала маці. Як хораша ранкам Прачынацца, Калі да сняданка Будзіць маці. Як рупна сонца З паўдня прыпякае, Нада мной узнятае Матчынымі рукамі. Ператомлена ўздрыгваюць Рукі маці: Як кара, шчасце Неба трымаць ім! На крокі твае, Як на песню, Галаву ўзнімаю. Пакуль іх чую, Мне жыць не страшна, Мама. 1977