Читать «Прыручэнне вясны» онлайн - страница 2

Ніна Мацяш

* * * Што ведаем Пра бліжніх нашых мы? Адзін другому пазычаем грошы, Соль і запалкі, І на святы ходзім У госці, П’ем віно, Спяваем песні — Як водзіцца між добрымі суседзьмі. Мы помнім іх памер пантофлі, Мы ведаем любімы колер іх. ...Якая пыха — Ганарыцца, быццам Мы разумеем іх, Бо — знаем іх!.. Не ўсведамляючы, Што ўмеем спасцігаць Мы толькі абалонкі бліжніх нашых... Ты поруч, Я павінна быць шчаслівай. А я ў адчаі: Ты такі далёкі!.. Між намі роўна трыдзевяць зямель, Трыдзевяць гор і трыдзевяць лясоў, — Як захаваць суадпаведнасць Пытанням нашым і адказам? Павінна быць шчаслівай я: Ты поруч... 1976 * * * ...Трапечаш між людзьмі — Ліст у лістве густой. Расіначку садзьмі — І ліст ужо не той. І ўжо інакшы свет, Інакшы ў часу твар. Пакуль ты у лістве, І ты — яна, ліства. У слотнае радні І ўлік свой, і правы. ...Чуць, як лістком адным Балюча куст жывы... 1976 ЛЯСНЫ МУРАШ З чарнічніку галінкі ўпаў На стол кухонны, Імкліва бегчы рынуўся — Куды?! Разгублена замёр на міг на месцы, Памкнуўся ў бок адзін, Пасля ў другі І завадзіў вусамі ашалела: Што гэта сталася? Куды прапаў Густы, разнамаіты дух лясны, Дзе з мноства пахаў Найрадней і ўтульней Жывіцы пах, Пах мурашовых сцежак — Каб родны дом свой не згубіць, Вярнуцца Каб да заходу сонца да сваіх? — Такой пустое, Прэснае дарогі Мураш не помніў на сваім вяку... Вялікі, рыжы і Бездапаможны, Ён мітусіўся на стале кухонным, Пакуль навобзем з канта не сарваўся, І знік У цёмнай шчыліне ў падлозе. А сонца ўжо на захадзе было, І дзесьці ў мурашовай пірамідзе Завершвалі свой дзень гаспадары; Спяшайцеся ў пару сваю дадому! Хто вас, На ноч Ці назаўжды спазнелых, Палічыць і прыпомніць сярод тысяч Такіх Банальна рыжых Мурашоў?! ...Сярод цямноты Летняе начы Прынесены з чарніцамі мураш Са шчыліны ў падлозе сумна выпаўз І запытаў, І ўсё мяне дапытваў; — Ты не мураш? Ты чалавек? Ты мудры? Ты ўмееш і лічыць, І помніць здольны, Бо страт было ў цябе — Не мурашовых?.. Чаму ж дагэтуль ты не навучыўся І што ж цябе тады ўжо і навучыць Такім, як сам — Кажнюткім! — Даражыць, Скажы?.. І цяжка варушыў вусамі... 1976