Читать «Прыручэнне вясны» онлайн - страница 3

Ніна Мацяш

* * * Здаецца ж, і лес наш не цёмны, І час не глухі наш, не позні, — Канае самотнае рэха: Гукаем, Ці чуем адказ? Блукаем. І зноў спадзяемся. Ігліцаю коле туга, Каб нам у ваколле ўзірацца Напружаней і пільней. Часцей пераходзяць дарогу І зорка, і рыбіна, й звер, Каб мы адшукалі нарэшце Сябе — Чалавека. 1976 * * * Адна... Яна яшчэ здалёк відна: На выгарбку, вятрам усім адкрытым, Стаіць сухая, чорная сасна, Як даўкі сімвал тлену і нябыту. Ні дрэўца, ані кусціка — Вакол Крыжы ды цёмны камень надмагілля. Ды сухастоіна, нібы дракон З вычварна пакручастым мёртвым крыллем... Так давялося на вяку сасне Быць сведкай толькі гора ды няшчасця, Што сіл няма ўжо ні зазелянець Хоць голькаю адной, Ні ўпасці. 1977 СКАРГА ДЗІКАЙ ЯБЛЫНІ Я ў сад хачу! У той прасторны сад, Дзе вішанна, і яблычна, і грушна, — Мне тут, на ўзмежку вольным гэтым, Душна. Мне млосна ад прасторы навакол, Між быльнягу учэпістага стыну: Там, Блізкай дзе няма душы, — Пустыня. Я ў сад хачу! Я клопату хачу! Бязглузда ж усыпаць пладамі вецце, Каб іх стаптаў, Каб змарнаваў іх Вецер. Я ў сад хачу! 1977 ЗАБЫЦЬ СЯБЕ Забыць сябе... ...Паглянь, як спадарожнік — Малюсенькая зорачка рухомая Між плоймы ўяўна нерухомых зор, — Як пругка, Як упэўнена ён торыць Свой мэтаносны шлях! Адолена зямное прыцяжэнне! ...Забыць сябе. Забыць недасканаласць Уласную, І тленнасць, і мінанне, — Забыць сябе! Пераадолець! Вырвацца! Як спадарожнік На высозную арбіту, Каб зоры — поруч, Вечнасць — твар у твар! ...Зямное, Як ты ўелася ў зямнога І як таленавіта Умееш ты прыкідвацца Нябесным!.. Адолена? Кім? Дзе? Калі? Не мной. Пакуль не мной. Яшчэ не мной... Забыць сябе!.. 1976 * * * — Дзе завязваюцца ветры, Тыя, Што прыносяць буру У чалавечую душу? — У пустынях адзіноты. 1976 * * * Ненавіджу святочныя дні, І таму Свята жадаю ўсім, хто мне дораг: Паэту, Чый затоены смутак Збірае пяшчотна людзей Пад сузор'ямі вершаў, Каб адчулі яны адзінства сваё І збавіліся адзіноты; Суседу — Маўкліваму столяру — Які ўсё жыццё Ювелірна Камень халодны новых кватэр Устаўляе ў аправу цёплую З бярозы, сасны і яліны, Каб помнілі навасёлы Пра сувязь карэння і кроны; Сябру маленства майго — Трактарысту — Рудому ад сонца і ветру, Быццам камяк палескай зямлі, Добраахвотна падданаму і ўладару Бяссоннай турботы — Сеяць; І яшчэ, І яшчэ, І яшчэ, — Іх многа, хто мне дарагі І хто ведае гэта, І таму пералік не патрэбен, — Жадаю сапраўднага свята: Каб любою парою года Чырвоная лічба У душы распускалася ўзнёсла Дрэўцам маёвым, І зялёнаю моваю ўся істота Узрушана сцвердзіла: Падзяляю Агульную радасць быцця! 1977