Читать «Прыручэнне вясны» онлайн - страница 12

Ніна Мацяш

* * * Я рада, што так адбылося (Як чыста ўзрунела трава!..). Я ўдзячна нялёгкаму лёсу: Я рада, што мне сумаваць, Што мне захлынацца тугою, Нязбытнай ні ўдзень, ні ўначы (Якое паветра тугое!..), Гадзіны і вёрсты лічыць І ведаць, што, позна ці рана, Кранеш маю пасму з брыва І ціха прамовіш: «Я рады, Я рады, што мне сумаваць...» 1977 * * * Кажы мне ласкавыя словы, Дары пяшчоту мне сваю, І прызабудуся вяснова, На ўскрайку шчасця пастаю... Хай хоць на момант ашукаю І немагчымасць, і бяду, Так хораша і нечакана Вакол мезенца абвяду! І сіл прыбудзе мне нанова, Прад непапраўнасцю ўстаю, — Кажы мне ласкавыя словы, Дары пяшчоту мне сваю. Не ўсё збываецца, і, мусіць, Пара змірыцца з гэтым нам. Але пакуль душа не хлусіць, Што песня ты ў мяне — адна, Мая апора і аслона У безнадзеі на краю — Кажы мне ласкавыя словы, Дары пяшчоту мне сваю. 1977 РОДНАСЦЬ Падумаць толькі, што нас падзяляла... Ты ж быў у маім лёсе! Ды цяпер Такое адчуванне, што не знала Ніколі я сапраўднага цябе. Падумаць толькі... Спела столькі часу Прыхільнага сяброўства цеплыня, Каб раптам натуральна так пачаўся Адлік інакшы новым нашым дням. Усё, жыло падспудна што, употай, Цяпер лунае, за вітком віток. Няпэўны сум свядомай стаў маркотай, І радасць адшукала свой выток. Падумаць толькі: мне ты не прысніўся, — Іначай як бы стацца так магло, Што страх набыў акрэсленыя рысы І яву спадзяванне набыло, Што знойдзе чалавек, чаго шукае, Пакуль, пакутай моцная, расце І ў сэрцы прага роднасці людская Не саступае месца пустаце. 1977 * * * Я люблю цябе... а ты — не слухай! Я люблю цябе... а ты — не чуй! Бэзам ускіпела завіруха, І пялёсткаў шчасця не лічу. Ні адна не ўваражыла кветка Рук тваіх, вачэй тваіх, ні губ. Ходзіць студзень непадкупным сведкам Самае раскошнае са згуб! І шугае маем завіруха, І пялёсткаў шчасця не лічу. Я люблю цябе... а ты — не слухай, Я люблю цябе... Быццам слоў такіх і не існуе, а ты — не чуй! Быццам і не сказаны былі... Радасць гэта нас перавяснуе На спрагнелай радасцяў зямлі. Нездарма шалее завіруха, І пялёсткаў шчасця не лічу! Я люблю цябе... а ты — не слухай, Я люблю цябе... а ты — не чуй! 1976