Читать «Палёт над жытам» онлайн - страница 2

Ніна Мацяш

ДА СУСТРЭЧЫ! Маўклівым развітальным клінам Ляцелі гусі над Берлінам, А мы па Мюллерштрасэ йшлі І ўслед за выраем гусіным Вачыма ўзрушана вялі. Адкуль вы, гусі? З Беларусі? Куды вы, гусі? Ў цёплы край?.. Няма адказу. Знай цярусіць Сняжок з нябёсаў, быццам гусі Свой пух страсаюць на "бывай", Халодны пух ляціць - не тае, І на плячах не растае. Так і Айчыну замятае... Даўно старонка дарагая Нам на цяпло сваё скупая. Любові ад людзей чакае. Не ўмеюць людзі грэць яе. Мы заўтра вернемся дадому. У непагадзь, у безладзь, стому. З чужыны - бы на чужыну... Вам, птахі верныя, вядома, Як цяжка з золі, з ледалому Выдабываць крыльмі вясну. Да стрэчы,гусі! ВЯЧОРНАЯ МАЛІТВА Даруй мне, Госпадзе, мой цяжкі грэх: Сягоння я з сабой не саўладала, Не ўтаймавала каламуты шалу, Нянавісці да чалавека З мазгамі хворымі. Даруй мне, Божа: Упершыню ў жыцці аж так варожа Смяротны выдыхнуўся мной праклён... Я помню запавет: "Не асудзі". Я ведаю: Табой судзіма буду, — Няхай жа воля здзеецца Твая! - Але даруй, што поскудзь гэту, Юду, Адродка гэтага любіць не здольна я! Калі ён з роднай мацеры, маньяк, Па-сатанінску здзекуецца, дужы, Ірве язык ёй, адцінае вушы, Вымае вочы, гвалціць памяць,— Як, О Госпадзе, як розуму не страціць, Гэта ўоё бачачы, Бяссілы Суняць, ацяміць, здаць дактарам яго?! Хоць лек ніякі ўжо тут не паможа... Даруй мне, Божа. * * * Калі б замовіла свой страх, Калі б яго я пазбылася, Душа не чэзла б у мурах, Душа купалася б у ясі. Надарваецца ж гэткі цуд: Бы збоч самой сябе стаю я, А ўсё, што мне балела тут, Як падаліст, ля ног шумуе. Не вусцішна ні за сябе, Ні за радню, ні за сябрыну, Ні за бяссілую Айчыну: Хіжак ёй печань не дзяўбе. Бо годны вызначаны шлях, І ланцугі сарваны з духу, І рух разгортвае абсяг Бязмежжа за вяршыняй скрухі... Надарваецца ж гэткі міг!.. МІЖ КВЕЦІВАМ СНЕГУ Й ПЯШЧОТНАЙ СНЯЖНІЦАЮ ВІШНІ

Максіму Багдановічу

- Ён быў тваім Братам, - сказала сястрыца Данута, - Абыйдзены шчасцем, шчэ больш безнадзейны ў пакутах, Скажы пра Яго!» Памаліся, і будзеш пачута. ................................................................................................. Амне -зацяло.., Хоць сябе й пачуваю сястрою Самотай Паэтавай сэрца самотнае крою. Між квецівам снегу й пяшчотнай сняжніцаю вішні Адшчодрыў палёту Яму над юдоллю Ўсявышні. Крылаты заўжды асмяецца бяскрылымі ўсімі, Зняважыцца імі, адпрэчыцца імі, Максіме. Мінецца зямное - і немач, і пыха, і зверства, І стома змагання, і ў лепшую долю няверства. Адно не міне, не замосціцца - прорва самоты Духоўнай істоты ў шуканні Красы між марноты, Ці ж толькі ад жалю да нашае нэндзы краёвай Бог вусны Твае растуліў беларускаю мовай?! Не на прамінанне блукае вярэдліва рэха Між цёплай сняжніцаю вішні і квецівам снегу.