Читать «Запіскі афіцэра Чырвонай Арміі» онлайн - страница 98
Сяргей Пясецкі
А стары Малуга некалькі разоў апавядаў мне аб тым, як жылося за царскай Расіяй. Казаў, што ўсяго ажно празмерна было, хаця царскі ўрад і не ўмеў добра кіраваць дзяржавай. Што было зашмат свабоды. Што рабочы мог працаваць дзе хацеў. І што не толькі на хлеб і беднае жыццё зарабляў, але і на прыстойнае ўбранне і жыццё добрае. А каму ў Расіі не падабалася, той мог свабодна адтуль выехаць за граніцу. Так як ён сам і зрабіў.
Я яму паверыў, бо пераканаўся, што ён заўсёды толькі праўду гаворыць. Паверыў і зразумеў, што рэвалюцыя ў Расіі не дзеля таго адбылася, каб рабочага і мужыка ад эксплуатацыі вызваліць, але дзеля таго, каб іх абдурыць, абрабаваць, укінуць у галечу і зрабіць суцэльнымі нявольнікамі. І што толькі на карысць жменькі людзей тая рэвалюцыя атрымалася, бо жывуць яны цудоўна. А для мільёнаў звычайных абывацеляў гэта найстрашнейшая катарга.
– Скажы ты мне, – спытаўся я ў Малугі, – чаму мы нічога не маем? Гэта ж не можа быць, каб 1000 альбо нават сто тысяч чалавек, якія лепшае становішча займаюць і намі кіруюць, зжыралі ўсё, што вырабілі сваёй працай 160.000.000 грамадзянаў Расіі.
– На ўзбраенне ўсё ідзе і на загранічную прапаганду, – сказаў Малуга. – Акрамя таго ваш урад зусім не хоча, каб народ быў сытым і дастатак меў. Яны добра ведаюць, што сыты чалавек пачынае аб чым-небудзь іншым, акрамя ежы, разважаць. А так кожны думае толькі пра тое, каб з голаду не здохнуць і голым не хадзіць, і баіцца гэту магчымасць страціць. А адначасова яму столькі гадоў убіваюць у галаву, што нідзе на свеце так добра не жывецца, як у іх. Ты ж таксама у гэта верыў. А тым часам за вашыя грошы за граніцай ідзе вялізная прапаганда вашага сацыялізму, вольнасці, культуры, дабрабыту. І людцы ў гэта вераць, так як і мы ў Польшчы, большасць людзей, верылі, што толькі вы нам вольнасць і шчасце можаце даць.
Такім чынам паволі-паволі ў мяне пачалі вочы на ўсё адкрывацца. І ажно страх мяне апанаваў пры думцы, што я мог зноў у Саветах апынуцца! Цяжка мне было б там жыць пасля таго, што я ў Польшчы ўбачыў і чаго пра свет даведаўся.
Цяпер я пастаянна выпытваю ў пані Юзэфы пра палітычныя навіны, бо ведаю, што яна, калі мяне дома няма альбо, можа, па начах, загранічнае радыё слухае і ведае, што робіцца ў свеце. Сказаў я ёй, што вельмі баюся, каб нашы сюды не вярнуліся. Але яна мяне супакоіла. Сказала, што Гітлер шмат рускіх знішчыў і што расійская армія панесла вялізныя страты. Так што, калі Англія і Амерыка Расіі не дапамогуць, Гітлер яе прыкончыць. Але цяпер саюзнікі вялізную колькасць рыштунку і ваенных матэрыялаў, а таксама правіянту, пасылаюць караблямі ў Расію. І адначасова робяць моцныя налёты на Германію і руйнуюць нямецкія парты, гарады, а таксама прамысловыя раёны. Таму калі перамогуць разам, дык і Расія, напэўна, стане іншай. Тады Польшча ізноў атрымае вольнасць і будзе цалкам незалежнай.