Читать «Запіскі афіцэра Чырвонай Арміі» онлайн - страница 99
Сяргей Пясецкі
Гэта мяне вельмі ўсцешыла, бо я ведаю, што ад нашых ні на што іншае, акрамя смерці, спадзявацца не магу. Калі б нават не ліквідавалі адразу, дык мусіў бы да канца жыцця ў лагеры працаваць празмерна і гінуць задарма. Цяпер я гэта добра разумею, але ад гэтага мне толькі страшна робіцца.
3 лютага - 9 снежня 1943 года
Таварышу І.В. Сталіну.
3 лютага 1943 года.
Фальварак Буркі.
Мушу я, аднак, гэтыя свае Запіскі зноў Сталіну прысвяціць. Такі ўжо мой лёс!
Зблыталася ўсё ў мяне ў галаве, і не ведаю, што рабіць. Мне было ўжо цалкам добра, і верыў я, што заўсёды так будзе. А цяпер адчуваю, што надыходзяць для мяне благія дні.
Нядаўна пані Юзэфа моцна прастыла і не магла паехаць у мястэчка на гандаль. А трэба было абавязкова купіць шкло для лямпы і цвікі. Акрамя таго патрэбны былі і лекі для пані Юзэфы. Таму я вымушаны быў сам гэтыя справы ўладзіць. Растлумачыла яна мне ўсё дакладна, дала грошы і цыдулку для аптэкара.
Дарога была вельмі дрэнная. Невядома, як ехаць: на санях ці возам. У цяснінах снег ляжыць. А там дзе дарога вышэй ідзе, змёрзлую зямлю бачна. Таму я сказаў пані Юзэфе:
– Лепей я пешшу ў мястэчка пайду. Нічога цяжкага несці не трэба, таму хутчэй усё зраблю пешшу, чым на санях ці возам.
Яна згадзілася. Апрануў я новае паліто, узяў брызентавую торбу для рэчаў і пайшоў. У мястэчку вельмі хутка ўсё зрабіў і скіраваўся дадому. На палове шляху мне вельмі піць захацелася. Убачыў я паблізу дарогі мужыцкі двор і ўвайшоў на падворак. Бачу: побач з хлевам нейкі мужчына, у кажушку без рукавоў, дровы сячэ. Наблізіўся я да яго, павітаўся вельмі ветліва і гавару:
– Ці не дасцё мне, гаспадар, вады напіцца.
Ён да мяне павярнуўся. Паглядзеў я яму ў твар і адчуў, як мне ў галаву кроў ударыла, а потым адразу ў ногі пайшла. Адразу пазнаў, хто ён такі! І падумаў сабе: “Зараз я напэўна загіну!” Хацеў нават уцякаць, але ногі мае здранцвелі і быццам у зямлю ўраслі. Бачу я: у яго сякера з рук выпала і вочы быццам збялелі. Гэта значыць, што і ён мяне пазнаў.
Быў гэта той самы маёр НКВД, які некалі мяне ў Вільні дапытваў па справе тэрмасу і пысу мне набіў належным чынам, каб я болей нічога такога не натварыў. Пэўна, ён падумаў, што зараз я з ім за тое службовае біццё пысы паквітаюся. Я ж сабе нешта зусім іншае падумаў: “Калі ён ужо тут, значыцца, кепскія мае справы! Гэта значыць, што НКВД тут дзейнічаць пачаў!” У гэты момант ён схапіў мяне за руку і гаворыць:
– Таварыш, дарагі! Прашу нікому не казаць, хто я такі. Вы таксама афіцэр, як і я, таму мусіце мяне зразумець і за тую прыкрасць, якую я вам зрабіў, не гнявіцца. Такую службу я меў, якая вымушала мяне фармальна справы кліентаў вырашаць. Думаеце, што мяне ў пысу не білі?… Яшчэ як білі!… І пры гэтым зусім без прычыны. А дзеля біцця вас я ж дзяржаўную падставу меў.
– Таварыш маёр… – кажу я.
Але ён мне гаварыць не даў і рукамі на мяне замахаў:
– Тссс… – гаворыць. – Пссс. Ні слова, што я быў маёрам! А яшчэ да таго ж маёрам НКВД!… І мяне такім чынам загубіш, і сябе!… Я тут як звычайны салдат і ў мужыка як рабочы працую. Бо яны афіцэраў і наш НКВД ненавідзяць страшна! А як да звычайнага радавога дык вельмі добра да мяне ставяцца.