Читать «Запіскі афіцэра Чырвонай Арміі» онлайн - страница 118
Сяргей Пясецкі
7. Падтрыманне сувязі з падпольнай арганізацыяй у Вільнюсе.
8. Фашысцкая агітацыя.
9. Падробка дакументаў.
10. Распаўсюджванне рэлігійных забабонаў.
11. Ачарненне Савецкага Саюза.
12. Усхваленне фашысцкіх уладаў Англіі, Амерыкі і Францыі.
13. Буржуйскае паходжанне.
Пратакол гэты пані Юзэфа падпісваць не пажадала. Рашуча адмовілася. Сказала, аціраючы рукамі з твару кроў:
– Можаце рабіць са мной усё што хочаце, але я гэтай хлусні не падпішу. Тут ўсё хлусня.
Я папярэдзіў яе, што, выказваючы зацвярдзелую рэакцыйнасць, яна яшчэ болей абцяжарвае сваё становішча. Потым апячатаў яе маёнтак і рэчы ў ім. А пані Юзэфу сказаў міліцыянерам усадзіць у грузавік і добра пільнаваць, каб не ўцякла. Пасля мы паехалі да Малугаў. Удала заспелі ўсю іх сям’ю за сталом. Акурат елі вігілійную вячэру. Я гэта прадбачыў і таму адмыслова выбраў дзень 24 снежня для майго візіту. Антося як убачыла мяне, дык кінулася мне на шыю.
– Мішачка, каханы! Я так моцна па табе ссумавалася і столькі страху аб цябе мела!
Але я адсунуў яе ўбок. Потым загадаў усім устаць і ўзняць рукі ўгору. Затым асабіста абшукаў усіх прысутных і пачаў з імі расправу.
Стары Малуга ўвесь час не мог паверыць, што я раблю гэта сур’ёзна. Але атрымаў пару разоў кулаком у зубы і некалькі ўдараў прыкладам карабіна, таму паверыў і змоўк. Выцягнулі мы схаваную ў стайні зброю, а потым пайшлі ў бункер у лесе. Там знайшлі палявы тэлефон і яшчэ шмат зброі і амуніцыі. Наладавалі гэта ўсё ў грузавік. Старога Малугу і ягоных сыноў, надзейна звязаных як асабліва небяспечных злачынцаў усадзілі ў грузавік.
Пакінуў я на месцы двух дачок Малугі, каб было каму гаспадарку даглядаць у сябе і ў Бурках. Для нагляду за імі вылучыў двух міліцыянераў. Сказаў ім, што калі будзе ім тут сумна, дык могуць сабе з дзяўчатамі пабавіцца.
Галоўныя пункты абвінавачання Малугаў наступныя:
1. Захаванне зброі.
2. Партызанская дзейнасць.
3. Распаўсюджанне рэакцыйнай прапаганды.
4. Ачарненне Савецкага Саюза.
5. Фашысцка-капіталістычная прапаганда.
6. Распаўсюджанне рэлігійных забабонаў.
7. Веданне ўладаром гаспадаркі англійскай мовы.
8. Ухіленне ад службы ў Чырвонай Арміі сыноў Малугі.
Зранку я выслаў іх пад моцнай аховай у турму пры НКВД у Вільнюсе. А асноўны рапарт і пратаколы даслаў як зусім сакрэтныя дакументы ва ўласныя рукі начальніка НКВД. Цяпер я ўпэўнены, што пані Юзэфай і Малугамі нашыя ўлады будуць апекавацца належным чынам! Вось.
Такім чынам, энергічна і годна, распачаў я сваю новую дзейнасць на славу Расіі і ВЯЛІКАГА правадыра чалавецтва Сталіна, а таксама дзеля перамогі камуністычнай партыі ва ўсім свеце.
КАНЕЦ ЗАПІСАК