Читать «Запіскі афіцэра Чырвонай Арміі» онлайн - страница 100
Сяргей Пясецкі
Засведчыў я маёру, што ўсё гэта належным чынам разумею і што ён можа быць упэўнены, што я таямніцу ягоную, адпаведна, захаваю. А што тычыцца маёй пысы, канкрэтна ягонымі рупленнямі пашкоджанай, дык я яму шчырую праўду паведаміў, што я гэта палічыў нават за гонар. Тады маёр зразумеў, што я чалавек, які працягвае заставацца сацыялістычна свядомым, і таму супакоіўся.
Хацеў я з ім болей пабалакаць, бо ён павінен як энкавэдзіст шмат цікавых рэчаў аб сучаснай сітуацыі ведаць. Але ён даў мне вады для піцця і выправадзіў з надворка на дарогу. Там спытаўся ў мяне:
– Дзе ты жывеш?
Мяне гэтае пытанне як шпілька ўкалола. Але я мусіў усё ж такі праўду яму сказаць.
– Цудоўна! – узрадаваўся ён. – Блізка жывем. Усяго тры кіламетры шляху. Таму зараз мы лепей размаўляць не будзем, а спаткаемся так, каб нас ніхто не мог убачыць. Лепш за ўсё ў суботу ўвечары пасярэдзіне шляху. Там ёсць доўгая цясніна і побач высокая бяроза стаіць. Вось у тым месцы ў суботу ўвечары, калі зробіцца зусім цёмна, буду вас чакаць. А цяпер ідзіце дадому. Пра мяне – нікому ні слова.
Пайшоў я далей. Вельмі нудотна і страшна мне зрабілася. Жыў я ціха, спакойна і думаў, што заўсёды так будзе, а калі што зменіцца, дык толькі да лепшага. Ажно тут, як камень на галаву, гэты маёр НКВД зваліўся. І якога чорта я туды па ваду пайшоў! Пачуваўся так паскудна, быццам быў выкліканы ў НКВД па палітычнай справе. Так, дрэнныя мае справы, і здаецца мне, што нічога з маіх планаў на лепшае жыццё не атрымаецца. Нядаўна яшчэ марыў, што заўсёды буду ў пані Юзэфы працаваць, а можа, нават да якой-небудзь мужыцкай сям’і прыжанюся і сам калі-небудзь гаспадаром стану. А цяпер канец! Калі нават і не застрэляць мяне, дык у лагер сашлюць. А ў найлепшым выпадку буду ізноў усё жыццё малодшым афіцэрам пайка чакаць і баяцца кожнага слова.
Калі прыйшоў дадому, пані Юзэфа спыталася ў мяне:
– Чаго такі засмучоны?… Збляднеў зусім… Можа, зноў немцаў спаткаў?
– Не, – кажу. – Штосьці горшае за немцаў мне напаткалася. Ваўка я вялікага ўбачыў і вельмі спалохаўся.
– Адзін воўк не страшны, – сказала яна. – Горш, калі зграю ваўкоў напаткаеш. Але зараз іх тут шмат не павінна быць.
А я ёй так адказаў:
– Дзе ёсць адзін воўк, там і шмат іх можа знайсціся. Цяпер, уласна, іх пара.
Так скончылася маё шчаслівае жыццё, і згінуў назаўсёды мой спакой.
7 лютага 1943. Нядзеля.
Фальварак Буркі.
Учора ўвечары я пайшоў на спатканне з маёрам. Гэта зусім блізка ад нашага фальварку. А бярозу, што расце на краю цясніны, добра бачна здалёк. Я штодзень на яе глядзеў, і не дрэвам звычайным яна мне падавалася, але шыбеніцай.
У цясніну я ўвайшоў не з боку дарогі ў мястэчка, а з боку лесу. Наш уласны гаёк якраз з тым лесам мяжуе. Таму я магу да цясніны так дайсці, што нікога не сустрэну, бо ўсе дарогі абміну.
Калі знайшлі адзін аднаго ў цясніне, было ўжо зусім цёмна. Думаў я, што першы прыйшоў, але маёр ужо мяне чакаў. Сядзеў на вялікім камяні, мне ж на іншы, меншы памерам, указаў і сказаў: