Читать «Запіскі афіцэра Чырвонай Арміі» онлайн - страница 97
Сяргей Пясецкі
Да Малугаў далей працягваю хадзіць у нядзелю альбо ў суботу. Яны вельмі добра да мяне ставяцца і высмейваць нават перасталі. Толькі зараз я зразумеў, што стары Малуга ніякі не капіталістычны агент і сапраўды ў Амерыцы на працягу 15 год працы столькі грошай сабраў, каб мець магчымасць вярнуцца і купіць тут гаспадарку. Мяне неяк перад тым збянтэжыла ягонае апавяданне пра ўласны аўтамабіль. Але пазней я спытаўся аб тым у пані Юзэфы, і яна мне саказала, што ў Амерыцы насамрэч шмат звычайных рабочых маюць уласныя аўтамабілі. І гэта не праблема, таму што там на кожных чатырох ці пяцёх чалавек па аўтамабілі прыпадае. Таму каб амерыканцы дамовіліся на адзін дзень і гадзіну, дык усё іх насельніцтва адначасова магло б на аўтамабілях ехаць. Дзіўная гэта краіна! А ў нас так шмат пісалі і гаварылі нам, што там пачварная галеча і гвалт. Што там людзьмі гандлююць, як псамі, што пануе голад, што не хапае школ і бальніц. Што рабочых за розную драбязу забіваюць і садзяць у турмы. Спрытна ж, аднак, дурылі нас нашыя ўлады і дурняў з нас фабрыкавалі. Да таго ж у нас ва ўсёй Расіі не знойдзеш нават аднаго рабочага, які б меў аўтамабіль. І не толькі аўтамабіль, але і шматлампавае радыё альбо добры гадзіннік ці прыстойны касцюм. Калі тут, у Польшчы, людцы жывуць у параўнанні з намі выдатна, што ўжо пра Амерыку казаць!
Я зараз з пані Юзэфай часта аб Расіі балакаю і пра ўсё, як там ёсць, праўду ёй апавядаю. Але зусім усё распавесці дык мне страшна і сорамна. Бо і так я сярод іх як дзікі чалавек. Толькі ў Польшчы пачаў свет пазнаваць і добрае жыццё ўбачыў. Акрамя таго добра тое, што нікога, акрамя немцаў, я не баюся. Бо насельніцтва тут такое, што даносаў не робіць і адзін аднаму наўмысна не шкодзяць.
Паколькі я пазнаёміўся з некалькімі мужыкамі з ваколіц, дык аказалася, што Малугі сапраўды не такія багатыя, як я сабе ўяўляў напачатку. Іншыя больш зямлі маюць. У некаторых ёсць лугі альбо кавалкі лесу і жывуць значна лепей за Малугаў. Аказалася, што і без калгасаў мужыкі ў стане добра гаспадарыць. Бо ў нашых калгасах людцы працуюць цэлымі днямі, а нават хлеба досыць не маюць.
Успомнілася мне наша песня, якую ўсе паўсюль спяваюць і па радыё ўвесь час граюць:
Уся Расія гэтую песню спявае і верыць, што ў нас лепей, чым дзе. І я так думаў. І польскія хлопцы – пакуль нас не ўбачылі – таксама аб Расіі так думалі і аб нашым праўленні марылі. А цяпер яны яе інакш спяваюць:
Альбо так:
Так, упакавалі нас у бутэльку бацькі рэвалюцыі! У бутэльку ўпакавалі, прапагандай закаркавалі і на назаўсёды дурнямі зрабілі.
Андрэй нядаўна ў мяне спытаў:
– Скажы ты мне, чаму ваша Расія, маючы такія багацці на зямлі і ў зямлі, так дрэнна жыве? Бачыш сам, што ў нас у Польшчы цесна, зямлі для ўсіх бракуе, але аднак добра сябе ўтрымліваем і нават перад вайной іншым дзяржавам быдла прадавалі. А вы маглі б паўсвету карміць, а тым часам самі галадаеце. І гэта столькі гадоў!