Читать «Запіскі афіцэра Чырвонай Арміі» онлайн - страница 96
Сяргей Пясецкі
15 лістапада 1942 года.
Фальварак Буркі.
Даўно не пісаў. Было і нават шмат цікавых, хаця і дробных спраў, але нічога настолькі істотнага, каб абавязкова трэба было занатоўваць. Акрамя таго было шмат работы, таму калі знаходзілася вольная гадзіна, дык лічыў за лепшае адпачыць альбо схадзіць да Малугаў, чым пісаць.
Цяпер жа большасць работ скончылі. Са жнівом самі б рады не далі, але дапамаглі суседзі. Акрамя мяне і трох Малугаў, працавала яшчэ пяць кабетаў з суседства. Хутка работу скончылі і пані Юзэфа для іх у суботу ўвечары пачастунак наладзіла. Было шмат рознай ежы і нават пара бутэлек гарэлкі. Весела бавіліся.
З бульбай у нас яшчэ лепей атрымалася, бо з гораду кабеты для капання прыйшлі і шэсць дзён працавалі. Я толькі плугам барозны адкідаў, а бабы збіралі бульбу і скідалі на воз. Тым часам пані Юзэфа ў доме працавала і для нас усіх ежу гатавала. Зрабілі на зіму два вялікіх капцы бульбы, а рэшту ссыпалі ў склеп. Карацей, у нашай гаспадарцы ўсё ў парадку. Цяпер я паволі дровы на зіму нарыхтоўваю. Дужага лесу ў нас няма, толькі маладняк, таму я там, дзе дрэвы густа растуць, выбіраю бярозкі, алешынкі, сасёнкі і ссякаю іх. А ўзімку, калі снег спадзе, звязу ўсё дадому. Так што паліва будзем мець надоўга.
Пані Юзэфа сказала, што на зіму зробіць мне добрае паліто. Яна мае такое пасля аднаго з сыноў. Вельмі добры матэрыял і пашыта прыгожа. Трэба будзе толькі троху перарабіць, каб лепей мне пасавала. Я гэтым вельмі ўсцешаны. Буду і я нарэшце, як сапраўдны буржуй, у паліце шыкаваць.
Мы маем ужо трыццаць курэй і гадуем тры парсюкі. Аднаго пані Юзэфа мяркуе перад Калядамі забіць, каб на зіму было мяса і тлушч. Цяпер пані Юзэфа кожны тыдзень на ўласным кані і возе на рынак ездзіць і возіць на продаж масла, яйкі, гародніну. Гарод яна зрабіла вялікі, таму мы маем мноства памідораў, агуркоў, капусты. Карацей, гаспадарка наша моцна выправілася і нават маем намер лепшага каня купіць.
Аднойчы я знайшоў у пралеску старыя акопы. Зараслі яны розным пустазеллем і травой, але глыбокія і цягнуцца праз увесь гай. Пані Юзэфа сказала мне, што акопы тыя засталіся пасля вайны 1914-18 гадоў, бо тут пэўны час лінія фронту праходзіла. Яшчэ там, пасярод гаёчка, вялікі падземны бункер ёсць. Столькі часу мінула пасля той вайны, а бункер ячшэ і зараз у добрым стане. Я туды саломы занёс і летам, у спёку, спаць у бункер хадзіў. Там, калі печку зрабіць і новыя дзверы ўставіць, дык і ўзімку жыць можна, бо ён глыбокі і тоўстым слоем зямлі пакрыты. Яго там знайсці цяжка, бо з усіх бакоў і нават зверху хмызняком зарос.
Пані Юзэфа працягвае далей вучыць мяне чытаць і пісаць па-польску. А размаўляем цяпер толькі па-польску і ўжо добра на гэтай мове разумеемся. Можа, нават лепей гавару за тутэйшых мужыкоў, бо іхняя мова мяшаная з беларускай і некаторыя словы яны перакручваюць. А пані Юзэфа чыста па-польску гаворыць. Я нават некалькі кніжак прачытаў, але не ўсё мог зразумець, таму пані Юзэфа заўсёды мне цяжкія месцы тлумачыла.