Читать «Запіскі афіцэра Чырвонай Арміі» онлайн - страница 95
Сяргей Пясецкі
Да Малугаў я і надалей хаджу увесь час па суботах альбо па нядзелях. Усе там вельмі добра да мяне ставяцца, а адна з дачок, Антося, дык нават вельмі зычліва на мяне пазірае і ахвотна са мной размаўляе. Ведаю, нядобрай дарогай Малуга да свайго багацця ішоў, але што мне з таго? Зрэшты, калі ён і з’яўляецца агентам амерыканскіх капіталістаў, дык мне гэта аніяк не шкодзіць. Няхай ужо лепей тут будуць амерыканцы, чым немцы альбо бальшавікі. Бо тады я буду ўпэўненым у сваім жыцці.
Некалькі разоў стары Малуга выцягваў мяне на размову аб Савецкім Саюзе. Але я заўсёды гаварыў яму, што мала аб тым ведаю, паколькі быў звычайным рабочым і паходжу з сялянскай сям’і. У войску ж быў радавым, узятым падчас мабілізацыі. Але аднойчы ён мне сказаў так:
– Круціш ты, хлопча, языком, як пёс хвастом. Усё ты ведаеш, але гаварыць баішся ці не хочаш. Так цябе палітрукі выдрэсіравалі.
А Андрэй неяк са мною доўга ў полі размаўляў. Палі нашыя побач, таму калі мне пані Юзэфа па палудні есці прынесла, дык і ён прыйшоў да мяне пабалакаць. Дзве рэчы мне расказаў. Гаварыў, што перад вайной тут амаль усе маладыя хлопцы за Савецкі Саюз выступалі і было шмат такіх, хто належаў да камуністычнай партыі.
– Мне цяжка ў гэта паверыць, – прызнаўся я.
– Шчырую праўду табе кажу, – запэўніў Андрэй. – Я таксама быў супраць польскага ўрада. Мы чыталі розныя вашы часопісы і брашуры. Часам прыязджалі да нас камуністы з павету альбо з Вільні. І амаль уся моладзь за Расію была. Бо мы думалі, што ў вас там сапраўды вялікі дабрабыт і вольнасць. Што падаткі вельмі малыя, што жыццё вясёлае. Некалькі дзясяткаў нашых хлопцаў нават праз граніцу ў Расію пайшлі. Але вярнуўся толькі адзін і пачаў нам апавядаць, што ў вас не рай але пекла. Такія гісторыі нам апавядаў, што ажно злосць брала, бо паверыць у такое не маглі. Думалі, што паліцыя яго перакупіла, каб супраць Саветаў агітацыю праводзіў. Пазней застрэлілі яго праз вакно ва ўласнай хаце. Дагэтуль ніхто не ведае: хто яго забіў… Але пасля таго, як вы самі сюды прйшлі, дык мы адразу ад камунізму вылячыліся. Чаго польская паліцыя і ксяндзы з амбонаў за 20 год не зрабілі, дык вы тое самі за 20 дзён здзейснілі. Нават так сталася, што Германіі аддаем перавагу ў параўнанні з вамі, хаця гэта таксама наш вялікі вораг і піяўка добрая. Але як свіння ў мужыцкую хату не лезе, партрэтаў Гітлера паўсюль не вешае і ў людзей боты з ног не здзірае.
На заканчэнне ён сказаў мне вось што:
– Ведаеш, чым вы нас найбольш узялі, пакуль мы вас не ведалі?… Песнямі… Усе гэтыя песні вашы аб вольнасці, аб каханні, аб свабодзе, аб радасным жыцці савецкім, спявалі і да вас нашы сэрцы цягнуліся. А цяпер мы нават з чортам паспявалі б, абы толькі вас д’яблы ўзялі!
Другі раз пачуў я амаль тое ж самае. Бо ў Вільні мне некалі контрык Колька пра такое ж балакаў. Таму мяркую, што і ён закасцянелы рэакцыяніст. Толькі цяпер я зразумеў, што нас любяць толькі там, дзе ў вочы не бачылі. Кепскае гэта самапачуццё. Ніколі не прызнаюся, што быў камсамольцам і афіцэрам. Зрэшты, мне і не паверылі б. Бо нават як салдат я для іх занадта дурны.