Читать «Запіскі афіцэра Чырвонай Арміі» онлайн - страница 9
Сяргей Пясецкі
Тут ублыталася Марыя Аляксандраўна і кажа так чыста па-руску… дужа гэта падазрона, і трэба будзе паведаміць у НКВД аб гэтым. Такім чынам, гаворыць яна:
– Вошабоек у нас увогуле няма. Але гэта таму, што у нас вошай няма. Навошта тады вошабойкі?
“Самі вы вошы”, – падумаў я і кажу:
– Вошабойкі патрэбныя як гігіенічнае і санітарнае прыстасаванне. Мышэй таксама можа не быць, аднак котак у нас паўсюль мноства. Вось што.
А тая першая (пані Зоф’я) ізноў звяртаецца да мяне, і бачу: пыса хітрая, хітрая, хітрая!
– Пане лейтэнанце…
Але на гэты раз я скончыць ёй не даў. Кінуў нож на стол і зароў:
– Заткні пашчу, старая малпа! Ніякі я табе не пан, а абаронца пралетарыяту! З’яўляюся ім, уласна, каб такую, як ты, фашысцкую заразу нішчыць! Разумееш?! А калі не разумееш, дык я табе гэта зараз рукамі растлумачу!
Як грукнуў я кулаком па стале, дык нават шклянкі па ім заскакалі. Дзяўчынка плакаць пачала. А Марыя Аляксандраўна моліць мяне і таксама ледзьве не плача.
– Міхайле Мікалаевічу, – гаворыць яна. – Не гнявіцеся. Яна гэта ненаўмысна. У нас да кожнага звяртаюцца: пан. Нават да жабрака. Гэта ж тое самае, як у Францыі “монсеньёр” альбо ў Англіі “містэр”.
Але я не даў такім хамкам улагодзіць сябе.
– Пачакайце троху, – сказаў я ім. – Навядзем парадак і з панамі, і з мусьямі, і з містрамі. Для ўсіх час прыйдзе, і для кожнага адпаведнае месца знойдзецца! А мне, шляхотнаму чалавеку, у вашым панскім таварыстве сядзець і чай папіваць не выпадае! Да пабачэння!
Устаў я. Натуральна, сплюнуў. І выйшаў з гонарам. Нават хлеба свайго са стала не забраў. Няхай ім подлыя фашысткі ўдушацца!
Пайшоў я спаць. Бачу: ложак высока засланы. Коўдра вялікая, лёгкая, мяккая, у белы чахол усунутая. А на чахле пад коўдру розныя там кветкі, лісточкі і матылькі павышываныя. Дзве падушкі былі… таксама ў навалках з кветкамі. Ну і прасцірадла. І ўсё такое белае, быццам белай фарбай замаляванае. Я нават палец паслініў і паспрабаваў: ці не мажацца?
Паклаўся я ў той іхні ложак і патануў у ім увесь. Толькі нос наверсе. Круціўся, круціўся і нічога: сон не бярэ. Не для мяне, ахайнага бальшавіка, такія буржуйскія вынаходкі! Як яны ў такім могуць з бабамі спаць?… Вылез я з ложка, падушку пад сцяну паклаў, коўдрай абкруціўся і ў два моманты заснуў.
Устаў я рана. Бачу: сонца свеціць. Прыгажосць.
Выйшаў на балкон. Бачны вялікі кавалак гораду, і рака таксама струмяніцца… Уздыхнуў я: цудна!… Неба блакітнае, блакітнае, блакітнае… Вось, думаю сабе, пашыў бы я з такога блакіту для сябе кашулю, а для Дуні спадніцу.
8 кастрычніка 1939 года.
Вільнюс.
Учора я атрымаў месячны заробак: 700 рублёў. Выдалі таксама правіянту на цэлы тыдзень наперад: хлеб, цукар, рыба, сала, чай і пачак тытуню. Вось каб – падумаў я сабе – рабочыя капіталістычных дзяржаваў убачылі, як дбае Савецкі Саюз пра свайго абаронцу! Хлеб, што праўда, быў спляснелы; рыба троху смярдзіць, але есці яшчэ можна; крупы струшчыліся ў муку і як быццам бы стухлі; сала, натуральна, прагорклае – напэўна дальняй дарогі не вытрымлівае; палову тытуню нейкая дрэнь з пачку выцягнула і пілавінне дасыпала; цукар мокры – для вагі. Але гэта неістотна. Істотны клопат пра нас. Вось што.