Читать «Запіскі афіцэра Чырвонай Арміі» онлайн - страница 11
Сяргей Пясецкі
Набыў я яшчэ кілаграм каўбасы і шурую да-дому. Разважаю сабе: трэба да дворніка завітаць. Нейкі ён незразумелы. Больш за ўсё падазроныя тыя боты ягоныя з халявамі. Аднак спаўняе ён зараз пралетарскі абавязак. А боты, можа быць, і якім-небудзь шляхотным чынам здабыў. Мог, напрыклад, дзесь якога капіталіста прыціснуць, горла яму надрэзаць і боты з ног сцягнуць. Таму іду ў сутарэнне і грукаю.
– Калі ласка, – пачуў я.
Уваходжу. Уся сям’я за сталом сядзіць і абед жаруць. Смажаным мясам пахне.
– Дзень добры! – кажу ім. – Прабачце, што замінаю.
– Нічога… Сядайце, калі ласка – гаворыць дворнік.
Усеўся я і назіраю. І салодка ж, дрэні, жывуць! Усе чыста апранутыя, добра абутыя, мяса жаруць, чай з цукрам п’юць, і гэтае іхняе ма-ас-ла на стале заўважыў. А рабочыя і сяляне, напэўна, з голаду канаюць. Але я не гаварыў ім пра гэта, толькі сказаў:
– Я сёння гадзіннік купіў. Найлепшай у свеце фірмы. “Амега” называецца.
Паказваю руку. Дворнік акуляры ўсадзіў і ўзіраецца.
– Так, – гаворыць ён. – Сапраўдная “Амега”. Я таксама меў некалі “Амегу” на руку. Але мне нязручна было падчас работы. То вугаль са склепу нашу, то дровы рублю. Лёгка можна пашкодзіць. Дык я сабе кішэнны “Цыме” набыў, а “Амегу” старэйшаму сыну аддаў. Ён тады ў школу хадзіў. Таксама мусіў час ведаць… Шмат заплацілі?
– 120 рублёў.
– Цана адпаведная. А гадзіннік нічога сабе, добры.
Пасядзеў я ў іх троху і пайшоў. Не выпадала мне, бальшавіку, з буржуямі блытацца. Уся сям’я пры гадзінніках. А яшчэ адзін, вялікі, на сцяне вісіць. А другі, акруглы са званочкамі, у куце на століку стаіць. Дворнік!…
9 кастрычніка 1939 года.
Вільнюс.
Устаў я сёння раніцай і першай справай на гадзіннік паглядзеў. А ён другую паказвае. Што за чорт? – думаю я. Патрос яго, але ён нічога – не функцыянуе. Вось і надуў мяне буржуйскі гадзіншчык! Трэба было “Кіраўскі” набыць. Я дужа знерваваўся і нават на каўбасу апетыт страціў. Толькі апрануўся як мага хутчэй, пісталет прыладаваў і адразу да гадзіншчыка валю. Прыходжу і, не вітаючыся, паведамляю яму з месца:
– Што гэта за кпіны? За такую пацеху я маю права зараз табе у лоб пальнуць! Гарантыю мне даваў на год, а гадзіннік на другі дзень спыніўся.
– Можа, стукнулі яго ці ўпаў?
– Я афіцэр і культурны грамадзянін Савецкага Саюзу. Ведаю, што гадзіннікамі на зямлю не кідаюцца. Толькі ты мне сапсаваны гадзіннік прадаў. Але гэта для цябе проста не скончыцца!
– Пакажыце, калі ласка, мне гадзіннік, – папрасіў гадзіншчык.
Даў я яму “Амегу”. Ён шкельца ў вока ўсадзіў, гадзіннік адчыніў і ўглядаецца. Потым пасміхнуўся гэтак яхідна і гадзіннік замкнуў. Затым галоўку на гадзінніку пальцамі ўзяў і пачаў яе круціць. Потым паслухаў і падае мне “Амегу”.
– Гадзіннік, – кажа, – у парадку, толькі трэба раз на дзень яго накручваць, бо механізм рухаецца спружынай.