Читать «Запіскі афіцэра Чырвонай Арміі» онлайн - страница 8

Сяргей Пясецкі

– Мамуся, – сказала яна, – на гарбату вас запрашае.

Мяркую сабе: ісці, не ісці? Але пайшоў. Было цікава паглядзець, як буржуйкі чай п’юць. Прыходжу я такім чынам да іх сталовага пакою. Бачу: белы абрус на стале ляжыць, а на ім поўна розных каштоўных начынняў. Сыр на талерку пакладзены, малако ў збанку, вяндліна нейкая, цукар у цукерніцы. Толькі хлеба мала было. Таму я сказаў: “Пачакайце секундачку”. І выйшаў. Вярнуўся ў свой пакой і думаю: “Кіло хлеба ўзяць ці цэлы бохан?” Аднак раптам яны шмат зжаруць? І мне есці таксама захацелася. Узяў вялікі бохан, прынёс да іх і паклаў на стол. “Гэта, – паведаміў я, – для агульнага карыстання”.

– Але навошта? – гаворыць адна. – Хлеба ў нас шмат, толькі не наразалі ўвесь, каб не засох.

– Нічога, – кажу я. – Прашу не саромецца і есці колькі хто хоча. Я ў стане і два такія боханы набыць!

Перазірнуліся яны. Натуральна, іх здзівіла мая шчодрасць. Чаю мне налілі… Але нічога, размаўляем. Тая, што рускай добра валодае (Марыяй Аляксандраўнай назвалася), частуе мяне: “Калі ласка, сыр! Калі ласка, вяндліна! А чаму масла на хлеб не намазваеце?”

– Дзе масла? – спытаўся я.

Падсунула яна мне такі спецыяльны сподак з накрыўкай, а ў ім нешта жоўтае, як воск. Вось тады я і гавару:

– А, дык гэта і ёсць масла! Мне мама апавядала, што некалі ў іх таксама з малака масла рабілі.

Пачаў я тое іхняе масла на хлеб мазаць. Але невыгодна. Крышыцца толькі. Гэта трэба было б лыжкай есці, а не мазаць. Таму я сабе кавалак вяндліны ўзяў. Але ж і тонка буржуйкі накроілі! Відаць, ад сквапнасці.

Але нічога. Размаўляем. Пытаюся я, як іх імёны. Тады Марыя Аляксандраўна на адну паказвае і кажа: “Пані Зофья”. А другая аказалася пані Стэфанія.

– А як імя малой? – спытаўся я.

– Андзя.

– Чаму не пані Андзя?

– Бо дзяцей у нас называюць толькі па імёнах. Калі падрасце, дык будзе панна Андзя.

“Зразумела цяпер, – падумаў я, – як фашыстку і ворага працоўнага люду выхоўваюць. Таксама добрую б гадзіну з яе зрабілі, каб не прыйшла наша савецкая ўлада! Але зараз скончацца гэтыя панскія штучкі!”

Аднак нічога. Сяджу сабе і размаўляю досыць культурна, то аб надвор’і, то аб ураджаі. Бачу, што і я іх сабачую мову троху разумею. А чаго не разумею, дык Марыя Аляксандраўна адразу мне тое тлумачыць. І ўсё было б добра, але адна з іх (тая старэйшая, пані Зофья), кажа мне на ламанай рускай мове:

– Пане лейтэнанце, ці доўга вы прабудзеце ў нас у Вільні?

Дужа мне гэта пытанне не спадабалася. Адразу зразумеў, што яна хацела спрытным чынам ад чырвонага афіцэра стратэгічныя намеры вышэйнага камандавання даведацца. Але я злёту яе раскусіў. Ведаем мы гэтыя фашысцкія хітрыкі! А таму адказаў я ёй дужа далікатна і спакойна, хаця, уласна, належала з месца ў пысу біць:

– Колькі нам захочацца, столькі тут і прабудзем.

А яна ізноў:

– Пане лейтэнанце, ці падабаецца пану наша Вільня?

Заскрыгатаў я зубамі. Кпіць, халера, з мяне, чырвонага афіцэра і шляхотнага бальшавіка. Другі раз ужо мяне “панам” абазвала. Але я сціснуў пад сталом кулакі і намагаўся стрываць.

– Па-першае, – абвесціў ёй, – не Вільня, а Вільнюс. Вось што. Па-другое: не ваша, а наша. Па-трэцяе: зусім мне тут не падабаецца, бо ніякай культуры няма. Нават на вакзале вошабоек не заўважыў. Што гэта за жыццё! Што за гігіена! Што за культура!