Читать «Запіскі афіцэра Чырвонай Арміі» онлайн - страница 7
Сяргей Пясецкі
Увечары я ўсяліўся ў свой пакой. Вучыцелька (тая, што па-руску гаворыць) дзверы мне адчыніла і паказала пакой.
– Можаце быць упэнены, што тут чыста, – сказала яна. – А мыцца можна ў лазенцы.
Правяла яна мяне ў пакой ля кухні. Там ёсць файная ўмывалка і вялікая ванна. Зірнуў я на ўсё і так сабе падумаў: “Трэба было б забіць цябе на месцы за ўсё гэта! Колькі ж нашых братоў, сялянаў і рабочых, з голаду паздыхала, каб ты, паразітка, магла ў такой ванне раскашаваць!” Але ёй я гэтага не сказаў. А яна сакоча, краны круціць і паказвае мне, як усё працуе. Дык я тады кажу ёй:
– Парадак. Аўтаматычны карабін больш хітрасцяў мае, і тое рады даю. А ваша ванна – гэта проста глупства!
Пайшоў я ў свой пакой і ўсё агледзеў. Але хадзіць было нязручна, бо дываны перашкаджаюць. Выйшаў я на балкон. А там поўна кветак у гаршках. Зірнуў на горад. На вечар ужо ўзялося. Чую, нашы байцы Кацюшу спяваюць. Вось і я за імі падцягнуў. А потым як засвістаў, дык так мне сумна зрабілася. І Дуняшка прыгадалася. Якая б ні была, але ўсё ж такі баба, і сваю прыемнасць з ёю меў. Вырашыў, што пісьмо ёй напішу. Пайшоў у пакой, святло запаліў і маёй сімпатыі вось такое пісьмо выштукаваў:
Найкаханая Дуняшка!
Пішу Табе гэта пісьмо з самага цэнтру польскага буржуазнага кубла. Магутным ударам нашага жалезнага, чырвонага кулака мы скрышылі польскіх, фашысцка-капіталістычных генералаў і вызвалілі з-пад буржуазнага ўціску енчучы ў кіпцюрах тыранаў польскі, рабоча-сялянскі народ і ўсе іншыя народнасці, бязлітасна зганьбаваныя і эксплуатаваныя крыважэрнымі панамі.
Я ішоў на чале ўсёй Чырвонай Арміі і біў фашыстаў і іхніх паслугачоў, пакуль яны ў паніцы не паўцякалі. Кватаруюся я ў гожым доме, уласнік-капіталіст якога ўцёк. Тутэйшыя буржуйкі нацягалі мне кветак і заслалі ўвесь пакой дыванамі. А ўсё з-за страху. Штодзённа плаваю ў ванне. Ванна – гэта вялікая балея, зробленая з жалеза, у якую наліваецца вада, і ўвесь чалавек, нават з нагамі, можа ў ёй змясціцца.
Можаш ганарыцца сваім Мішкам, каторы, з гонарам крочачы пад штандарам Леніна-Сталіна, змёў вялікі звярыны адпор польскіх захопнікаў і вызваліў усе енчучыя ў кайданах народы.
Пісаць мне можаш у Вільнюс, бо пэўна яшчэ нейкі час мы будзем тут. Дакладны мой адрас ёсць на канверце.
Моцна сціскаю тваю далонь і далучаю
камсамольскае прывітанне.
Скончыў я пісьмо, зняў боты, каб за дыван не чапляліся, і праходжуся так сабе. Трох танкістаў насвістваю. Пакуль не пачуў: нехта ў дзверы грукоча.
– Уваходзь, – кажу.
У пакой увайшла дзяўчынка гадоў дзесяці. Спрытная такая. Бачна адразу: буржуйскае насенне. Вочы па кутах лётаюць. Пэўна, шпегаваць яе даслалі, каб падгледзела, што я раблю.