Читать «Запіскі афіцэра Чырвонай Арміі» онлайн - страница 10

Сяргей Пясецкі

А 700 рублёў мне дужа прыдаліся. Аказалася, што тут можна за такія грошы мноства розных добрых рэчаў набыць. Але трэба спяшацца, пакуль буржуі не апамяталіся і не пахавалі. Нашыя ўлады такі курс усталявалі: 1 рубель роўны 1 злотаму… Што б я ў нас за 700 рублёў набыў? Нават на лепшыя боты не хапіла б. А тут: пара чаравікаў 20 рублёў, кіло цукру 1 рубель. І ўсяго колькі хочаш. Нават у чарзе стаяць не трэба. Добра жылося тут буржуям на крыўдзе пралетарыяту. Але зараз і мы пажывем раскошна дзякуючы савецкай уладзе. Я ўжо тры дні толькі каўбасу ем. А на белы хлеб нават глядзець не хачу, бо рознымі булкамі абжыраюся.

Пайшоў я сёння зранку да гадзіншчыка. Каля мяне жыве. У вакне ў яго ёсць вялікі гадзіннік, таму заўсёды, калі хацеў ведаць, якая гадзіна, ўніз сыходзіў паглядзець. У дужа выгодным месцы я кватэру атрымаў і таму цаніў яе надзвычайна. Вось уваходжу я да гадзіншчыка і пытаюся, ці не мае часам ён гадзінніка на продаж.

– Які хочаце? – спытаўся ён у мяне.

– Самы найлепшы які толькі можа быць. Колькі б такі каштаваў?

– Я маю, – кажа ён, – дасканалы гадзіннік слыннай фірмы “Амега”. Але цана вялікая. Ня ведаю, ці набудзеце.

– Колькі?

– 120 рублёў.

– Пакажы.

Бясспрэчна, гадзіннік прыгожы, але ці добры, чорт яго ведае. Можа, ашукаць мяне хоча паслугач імперыялістычны. Тады я яму сказаў па-дзелавому:

– Дужа падазронай мне твая “Амега” здаецца. Вось каб меў ты гадзіннік “Кіраўскі”, дык я б ахвотна яго набыў. Гэта наша савецкая фірма, і таму ашуканства ніякага быць не можа.

А ён адразу шуфлядку са століка выцягнуў і “Кіраўскі” гадзіннік дастаў. Я такі ў нашага камандзіра палка бачыў. Усе афіцэры таму гадзінніку ягонаму зайздросцілі. А ён атрымаў яго ад ураду як “практычную ўзнагароду” за выдатную службу.

– Прадаеш? – пытаюся я.

– Канешне. З таго і жыву.

– Колькі каштуе?

– 30 рублёў.

– А ці добры?

– Цалкам добры. Гарантыю на год ад мяне атрымаеш.

– Але чаму такая розніца: буржуйская “Амега” 120 рублёў, а наш савецкі гадзіннік 30 рублёў?

– Такая ўжо, – паведаміў ён, – розніца. Цяжка мне вам гэта растлумачыць.

Падумаў я сабе: што тут рабіць? Розніца ў кошце вялікая. Але “Кіраўскі” гадзіннік кішэнны. На руку, каб людзі бачылі, здзіўляліся і зайздросцілі, не ўладкуеш. А ў кішэні насіць таксама не дужа выгодна. Вялікі, дрэнь, і цяжкі. Ну і на ланцужок мусіў бы яго ўвязаць, каб хто з калегаў не скраў. Падумаў я сабе: “Эх, была не была: куплю “Амегу”. У нас у Саюзе, пэўна, 50 разоў па столькі атрымаю, калі захачу прадаць. Ну і купіў. Прыладкаваў яго на руку і пайшоў на прагулку. Рукаў высока ўверх падцягнуў, каб людзі бачылі, што я пры гадзінніку. Прыемнае самапачуццё. Хочаш ведаць, якая гадзіна – толькі руку ўверх паднясеш, зірнеш і ўжо ведаеш. Таксама: запытае хтось пра час, ты яму зараз жа паведамляеш: “Калі ласка: тры дзесяць. Дакладны час. Можаце быць упэўнены, бо мой гадзіннік найлепшай у свеце фірмы. “Амега” называецца”. Так, дужа прыемна. А ўвогуле я ўдзячны нашай савецкай уладзе і ВЯЛІКАМУ Сталіну.