Читать «Запіскі афіцэра Чырвонай Арміі» онлайн - страница 5

Сяргей Пясецкі

– Гэта – кажу, – датычыцца кватэры для мяне ў гэтым доме.

Узяў ён паперку ў руку. Акуляры на нос усадзіў. Зірнуў на паперу і так, і гэтак. А потым балбоча:

– Я па-расейску размаўляць умею, але літар вашых не ведаю. Прачытайце мне самі, што там пазначана.

Прачытаў я яму. А ён кажа:

– Маю ажно тры вольныя кватэры. Пяць пакояў і кухня. Гэта адна. А дзьве маюць па тры пакоі з кухняй. Бярыце, якую хочаце.

Але я кажу яму, што мне толькі адзін пакой патрэбны. Аднак хацеў бы ў далікатных людзей пасяліцца, каб не абакралі. А за пакой згодна з “нормай” будзе плаціць камендатура.

Ён задумаўся і кажа:

– Мусіць, тады найлепш вам будзе ў вучыцелек. Кабеты яны лагодныя, на пенсіі. Хочуць здаць два пакоі, але можаце ўзяць адзін.

Гэта мне спадабалася. Кабеты заўсёды менш небяспечныя. Можа, і не нападуць знянацку, не зарэжуць. Мусяць быць троху больш культурным элементам.

Пайшлі мы разам да вучыцелек. Яны былі ўсе дома. А адна з іх добра па-руску гаворыць.

– Мы з задавальненнем, – кажа яна, – на кватэру вас возьмем. Бо для нас яна занадта дарагая. А так і нам кватэрная плата знізіцца.

– А дзе ваш гаспадар? – пытаюся я. – Пэўна, з іншымі капіталістамі ўцёк?

– Тут гаспадара няма. Дом магістрацкі. Быў адміністратар, але яго ў войска прызвалі. На нямецкі фронт пайшоў. А кватэрную плату мы заўсёды плоцім у магістрацкую касу.

Паказалі яны мне свае пакоі. Ніколі ў жыцці я такой раскошы не бачыў. Папросту распуста! Дываны нават на падлозе ляжаць. І кветкі розныя. І птушка жывая, падобная да вераб’я, але толькі цалкам жоўтая, у клетцы пасвіствае. І розныя там столікі, паліцы, палічкі, шафы, шафкі, табурэткі, стулля, крэслы… Там былі і такія рэчы, што чорт ведае як іх назваць! Але нічога. Я раблю выгляд, што ўсё гэта мяне зусім не здзіўляе, і быццам не разумею таго, што трапіў я ў капіталістычнае логава эксплуататараў працоўнага люду. У самае гняздо буржуйскай змяі.

Аказалася, што тыя тры бабы ў трох пакоях пражывалі! Вучыцелькі!!!… Але нічога: савецкая ўлада іх выкрые. І “дворніка” таго таксама. Няхай пачакаюць трошкі. Для ўсіх адпаведнае месца знойдзецца.

Дамовіўся я з “вучыцелькамі”, што вечарам усялюся. Аддалі яны мне кутні пакой з балконам. Спыталіся ў мяне, ці шмат я рэчаў маю. Але я ім кажу: “Якія баявы афіцэр можа рэчы мець? Нічога не маю. Дык жа вайна”. Тады яны сказалі, што дадуць мне пасцель. Я згадзіўся, але падумаў сабе: на чорта яна мне трэба?

Развіталіся мы дужа спакойна і культурна, і пайшоў я аглядаць горад. Іду па вуліцах і бачу, што ў сапраўднае буржуйскае логава трапіў. Публіка на вуліцах прыбраная, як на баль. Кожны ў скураных чаравіках, а некаторыя дык нават у ботах. Таксама гальштукі і каўнерыкі шмат у каго заўважыў. І амаль усе ў капелюшах. Вось дармаеды!… А самае дзіўнае дык гэта кабеты. Кожная мае валасы ўчасаныя, як у кінаакторак. На нагах тонкія панчохі, пэўна, у Парыжы набытыя: гладкія, бліскучыя. Сукенкі лёгкія, каляровыя… як кветкі. У жыцці сваім такіх не бачыў. Гожа буржуйскія сцервы прыбраныя. Я іду і думаю сабе так: “Можа, сюды з усёй Польшчы капіталісты з жонкамі і дочкамі з’ехаліся? Такое багацце!”