Читать «Запіскі афіцэра Чырвонай Арміі» онлайн - страница 28

Сяргей Пясецкі

– Шкада, што вам не спадабалася, – казаў ён.– Гэта ж саманайлепшая буржуйская закуска. Толькі, пэўна, трэба да іх хрэну, альбо гарчыцы дадаваць.

– Дык няхай сабе тыя закускі буржуі і жаруць! – сказаў капітан Ягораў. – Я за такія кпіны і насмешкі заўсёды ў пысу біў!

Але болей не біў. Пэўна, саслабеў дужа, бо рыгаў ён доўга. Бавіліся мы так хіба да трэцяй раніцы. Добра не памятаю, бо прытомнасць страціў і толькі пад раніцу ад холаду абудзіўся. А зімна мусіла быць, бо капітан Ягораў, у ходзе забавы, усе вокны стулам павыбіваў і палову печы пашкодзіў.

Было яшчэ цемнавата. Хлапцы спяць – хто дзе… Праверыў я, ці пры мне гадзіннікі? Але былі на месцы. У добрай кампаніі забаўляўся. Так і пайшоў дадому.

Вось такім чынам, вельмі весела і прыемна, спаткалі мы Новы год.

19 студзеня 1940 года.

Ліда.

Кватарую я і далей у Ліпаў. Гарэлкі з ім не п’ю, хаця некалькі разоў ён мне прапаноўваў: “Сагрэемся, чырвоны камандзір!” Але я адказваю яму, што мне доктар піць забараніў, бо хворы страўнік маю. “Дык гэта ж для хваробы страўніка найлепей, – казаў Ліпа. – Апалі, прачысці і будзеш здаровы”. Але я не даю сябе ўгаварыць. Досыць пасля першага разу страху меў.

Пакой мой вельмі прыемны. Налічыў, што маю 24 квадратныя метры жылой плошчы. У нас у Саюзе дык бы мусілі тут учатырох людцаў жыць (па 6 метраў на кожнага), а я адзін раскашую. І ніхто ў мае справы носа не суне. Дужа гэта прыемна, хаця і не сацыялістычна. Некалькі разоў піў у Ліпаў чай. Толькі заўсёды рупіўся, каб пра палітыку не размаўляць. Заўважыў я, што яны цалкам таго не разумеюць, што “палітычныя размовы” ні да чаго добрага не прыводзяць і могуць быць дужа небяспечныя. А тлумачыць гэтага ім не хачу… У згодзе з Ліпамі жыву. Няма што казаць: добрыя людзі. Толькі Юлькі той дужа не люблю. Хітрая, няветлівая, нос задзірае і да майго афіцэрскага звання ніякай пашаны не выказвае.

Ёсць у Юлькі сястрычка. Зоськай завецца. Мае можа гадоў дзесяць. Але такая спрытная! Як вырасце – другая Юлька будзе. Аднак зараз наша ўлада яе патроху выхавае і, можа, у камуністку аберне. Пакуль жа ў іхнюю буржуйскую школу ходзіць… У нас спецыяльныя ўрокі былі: як ставіцца да тутэйшага насельніцтва. Галоўная рэч (паведамілі нам) – нікому не давяраць і нічога аб Саюзе не апавядаць. Бо старэйшы элемент, які пад буржуйскімі ўрадамі вырас, назаўсёды страчаны і сапсуты канчаткова, таму мусіць быць паступова зліквідаваны. Аднак дзяцей можна будзе выхаваць у карысных для Расіі людзей. Трэба да іх добра ставіцца, даваць цукеркі і ўнушаць ім любоў і пашану да партыі і Сталіна. Таму я часта для Зоські цукеркі прыносіў. Дужа яна слодычы любіць. І часта з ёю аб розных справах размаўляў. Аднаго разу спытаўся ў яе:

– Хто ты ёсць: полька ці беларуска?

– Полька, – адказала яна.

– Не, – кажу я. – Ты не полька, бо Польшчы ўжо няма і не будзе.

А яна сказала:

– Вось прыйдуць ангельцы, вас адсюль выпруць і зноў Польшча будзе вольная.

Напэўна, яна гэта ў школе пачула. Пачварная гэтая буржуйская навука. Маюць рацыю палітрукі.