Читать «Запіскі афіцэра Чырвонай Арміі» онлайн - страница 26

Сяргей Пясецкі

1 студзеня - лістапада 1940 года

1 студзеня 1940 года.

Ліда.

ВЯЛІКАМУ Сталіну ура! ура! ура!

Пачаўся Новы год. Задумаўся я над тым, чаго б я пажадаў для сябе ў Новым годзе. Дык вось, найвялікае маё прагненне: памерці ў славу нашай святой Расіі, у асобе яе геніяльнага правадыра Сталіна. Уяўляю гэта сабе такім чынам: з’яўляюся смяротна параненым у бойцы з англійскімі крыважэрнымі паслугачамі капіталістаў і ляжу ў шпіталі… Ведаю, што памру, але ведаю і тое, што ўласнаручна забіў некалькі дзесяткаў англійскіх імперыялістаў і здабыў штандар іхняга палка. Так. Дык вось, ляжу і паміраю… Шкода мне развітвацца з жыццём, бо – вядома – ужо і два гадзіннікі маю, і чамадан, і боты хромавыя. Але ведаю, што і пасля смерці, калі наша магутная Расія апануе ўвесь свет і будзе ім кіраваць, сістэматычна ліквідуючы рэакцыйныя элементы – маё імя будзе высечанае залатымі літарамі на мармуровай шыльдзе як імя героя Сусветнага Савецкага Саюзу. Так.

Вось ляжу я і канкрэтна паміраю. Мне прапануюць катлеты ды іншыя такія ўсялякія каўбасы, але я – не… нават увагі на ўсё тое не звяртаю. У гэты момант адчыняюцца дзверы і ў палату ўваходзіць магутна ўзброены атрад НКВД. Атачылі ўсе вокны і дзверы і трымаюць зброю напагатове. Потым з’яўляюцца самі маршалы і генералы, і робяць шарэнгу ад дзвярэй да майго ложка. А я нічога: ляжу і паміраю… Потым… потым… паказваецца ЁН!… Мой правадыр!… Сонца Расіі і свету… Ён… таварыш Сталін… Я зрываюся з ложка, станаўлюся смірна і крычу: “Вялікаму Сталіну ура! ура! ура!” А ЁН набліжаецца да мяне і кажа:

– Кладзіся, Міхаіл Мікалаевіч. Досыць напрацаваўся ты ў славу нашай святой Расіі.

Сціскае мне далонь і сядае на ложак. Потым дастае з кішэні бутэльку “спецыяльнай маскоўскай” і налівае мне шклянку гарэлкі (сабе таксама) і кажа:

– Вып’ем, таварыш, за згубу подлай Англіі і за здароўе нашага адданага сябра Адольфа Гітлера.

Ну, выпілі, закусілі, а потым ЁН пытаецца:

– Як пачуваешся?

– Паміраю, – паведамляю я, – баценька любы.

– Гэта нічога, глупства, – кажа, – затое імя тваё будзе несмяротнае. Можаш сабе паміраць спакойна.

– Слухаюся, – адказваю я, – правадыр мой любы.

І чую, што паміраю, паміраю і паміраю… у абдымках Сталіна.

Так… прыгожая мроя, аднак паколькі трэба жыць і ўзмацняць нашу вялікую савецкую культуру ў той няшчаснай, заэксплуатаванай польскімі крывавымі панамі Беларусі.

Учора спаткаў я лейтэнанта Дубіна. Ён кажа:

– Прыходзь да мяне ўвечары. Вып’ем. Спаткаем Новы год. Будзе капітан Ягораў і яшчэ некалькі хлапцоў.

– Добра, – кажу.

І пайшоў. Ну, натуральна, прыбраўся адпаведна і парфумы не пашкадаваў. Прыходжу, а там ужо ўсе на месцы і капітан Ягораў таксама.

– З чаго пачнем? – спытаўся ў нас Дубін.

– Вядома з чаго, – адказаў лейтэнант Сініцын.– З гарэлкі пачнем, гарэлкай і скончым.