Читать «Запіскі афіцэра Чырвонай Арміі» онлайн - страница 27
Сяргей Пясецкі
– А можа, спачатку чаю хочаце?
– Чай не гарэлка, многа не вып’еш.
Ну і давай мы жлукціць… Знайшлася гітара. Дубін нішто сабе грае: гучна. Вось мы хорам Маскву забацалі. Голас, вядома, кожны з нас мае і спявалі з усіх сіл, ажно вокны трэсліся і шклянкі дзвынькалі. Няхай буржуі чуюць і ведаюць, што Чырвоная Армія балюе!
У куце пакою піяніна стаяла. Але граць на тым фашысцкім інструменце мы не ўмелі. Аднак– калі выпілі мацней – дык Сініцын спрабаваў. І нават вельмі добра атрымалася. Калі Дубін на гітары разануў, мы з усіх сіл Еслі заўтра вайна, спяваем, а Сініцын піяніна абедзвюма рукамі па клавішах лупцуе. І так ладна нам ішло, што мы да паўночы такім чынам бавіліся.
Потым Дубін урачыста абвясціў:
– Дарагія таварышы! Зараз будзе Новы Год. Пачнем яго спецыяльнай закускай да гарэлкі. Гэта найлепшая ў свеце буржуйская ежа!
Пайшоў ён да шафкі і дастаў вялізную папяровую торбу. Прынёс яе і вываліў змесціва на стол. Было там нешта падобнае на струкі вялікіх бабоў альбо на малыя агуркі.
– Што гэта? – спыталіся мы.
– Бананы, – паведаміў Дубін. – Нашы хлопцы з НКВД тут у аднаго буржуя, каторы раней меў гароднінавую краму, рэвізію рабілі і шмат такога далікатэсу знайшлі. Вось і мне троху далі.
– Давай сюды бананы! – крычыць Ягораў. – Досыць тым буржуям абжырацца. Цяпер наша чарга!
Ну вось. Дубін бананы ахайна ва ўмывалцы памыў і некалькі з іх скрылікамі на талерцы пакроіў, потым, натуральна, пасаліў адпаведна і кожнаму гарэлкі наліў.
– За здароўе пяхоты! – абвясціў ён.
Выпілі і бананамі загрызлі. Але, халера яго ведае, неяк нясмачна было. Я нават выплюнуць хацеў. А Сініцын тым часам паведаміў:
– Да тых бананаў трэба воцату і перцу таксама.
Перац быў, але па воцат Дубін да гаспадыні пайшоў пазычыць. Заправілі мы бананы воцатам, ну і, зразумелая рэч, перцам. І зусім іншы смак атрымаўся. Але ўсё адно нам не спадабалася. Лепей бы салёных гуркоў ці нават цыбулі. Але нічога: пад гарэлку дык нават і бананы пойдуць. Найгорай было тое, што капітан Ягораў крыху зарана ванітаваць пачаў. Сініцын да піяніна яго падвёў, накрыўку зверху інструменту адчыніў і кажа:
– Валіце, таварыш, у сярэдзіну, бо шкада падлогу забруджваць. А ў гэтым дурным інструменце месца досыць. Усё змесціцца.
Бачу я, што з другога боку піяніна Масляннікаў прыстасаваўся і таксама “налёты на Рыгу” робіць. Але я добра трымаўся і надалей гарэлку пад бананы сцёбаў. А потым пачуў, як Дубін паведаміў:
– Гэтыя бананы дык лепей за ўсё з алеем есці і цукрам. Але шкада што не маю.
Не здолеў ён таго дагаварыць, як капітан Ягораў ад піяніна адарваўся, да стала наблізіўся, адзін банан (яшчэ не пакроены) узяў і Дубіну ім у зубы як заедзе.
– Атруціў мяне, дрэнь! – крычыць. – Ніколі я ад гарэлкі так хутка не бляваў. Бананы трэба салёнымі есьці, альбо марынаванымі, а ты сырымі падаў!
І ў пысу яго, і ў пысу. Аднак Дубін пачаў бараніцца. Ухапіліся за валасы і па падлозе пэцкаюцца. Капітан Ягораў нашага гаспадара ўсяго бананамі замазаў. Але гэта дробязь: так, троху смеху было і ўсё. А потым мы ізноў выпілі, але на бананы неяк усе апетыт страцілі. Толькі Дубін далей еў, каб не змарнаваліся.