Читать «Запіскі афіцэра Чырвонай Арміі» онлайн - страница 29
Сяргей Пясецкі
Потым запытаў:
– А ці ведаеш ты, хто такі Сталін?
– Добра ведаю, – адказала яна.
Гэта мне вельмі спадабалася, таму я яе па галоўцы папесціў і цукерку ёй даў. Кажу:
– Гэта вельмі добра, што ведаеш. Аднак скажы мне дакладна: хто ён такі?
А яна кажа голасна і выразна:
– Тыран і крывасмок, які разам з Гітлерам хоча знішчыць свет і зрабіць усіх нявольнікамі, так як у Расіі.
Я адразу ўспацеў. З месца ўскочыў. Азірнуўся. Потым дзверы адчыніў, каб паглядзець, ці не было каго ў сенях, ці не чуў яшчэ хто яе словаў… Цяжка дыхаць мне стала. Падумайце сабе, людзі чэсныя, каб такія рэчы несці на Сталіна і Гітлера, ратавальнікаў чалавецтва! Да чаго давялі дзіцятка буржуі! Але, на шчасце, ніхто гэтага не чуў.
Я доўга са здзіўленнем глядзеў на Зоську. Першы раз у сваім жыцці пачуў нешта падобнае. Потым спытаўся я ў яе:
– Хто табе гэта распавёў: татусь, мамуся, ці Юлька? А можа ў школе гэта пачула?
А яна кажа:
– Ніхто мне гэтага не распавёў, але ведаюць усе… І вы таксама ведаеце, толькі прыкідваецеся, што не, бо баіцеся вашага НКВД.
Я ёй нічога на гэта не адказаў, але пасля таго выпадку пачаў і яе асцерагацца. Ва ўзросце дзесяці гадоў і ўжо такая зацвярдзелая фашыстка і англійская агентка!
А яна, як і раней, да мяне прыходзіць і просіць то малюнкі паказаць, то пісталет. Але я яе ўжо ні пра што не пытаюся, бо нават чуць такіх рэчаў не хачу. Яе цяпер трэба будзе доўга з тых буржуйскіх уяўленняў вызваляць. Аднак гэта ўжо нашы савецкія школы зробяць.
Мяне дужа цікавіла адно пытанне: як у тутэйшых буржуйскіх школах дрэсіруюць дзяцей у такіх фашысцкіх шакалаў? Малое ж дзіця не можа мець ніякага паняцця аб свеце, і яму можна ўсё ўнушыць. А свет капіталістычны, вядома, толькі на фальшы, тэроры і прапагандзе трымаецца… Я шмат чытаў пра тое, як у польскіх школах настаўнікі і ксяндзы здзекуюцца з дзяцей і такім чынам убіваюць ім у галаву розныя фашысцкія ўяўленні. Вырашыў я даследаваць гэтую справу, бо школы для дзяцей, ва ўсялякім разе пакуль, засталіся тыя ж самыя, што былі тут папярэдне. І вось аднойчы, па палудні, Зоська прыйшла рана са школы дадому. На двары быў моцны мароз. Яна рукзак з кніжкамі ў сваім пакоі пакінула і да мяне грукае, бо ў мяне лепш за ўсё ў печы палілі і заўсёды было вельмі цёпла. У той дзень я службы не меў і сядзеў дома.
Даў я ёй цукерку і размаўляю. Яна такая вясёлая. Апавядае мне, што бачыла ў горадзе. Пытаецца, ці ўмею я з гарматы страляць? Вось, балбоча як дзіця… буржуйскае. Бо нашы, савецкія дзеці, іншыя: паважныя, мала смяюцца і добра дасведчаны аб ролі пралетарыяту і Расіі. А самае галоўнае – моцна любяць Сталіна і ведаюць, што чакае іх вялікае заданне – змагацца за вызваленне свету ад капіталістычнага ўціску. А ў гэтай дык толькі смех, цукеркі і забавы ў галаве! Так, сумны лёс тутэйшых дзяцей!
Вырашыў я, значыць, дапытацца ў Зоські – як іх б’юць. Ведаю, што настаўнікі і ксяндзы маюць з гэтай мэтай спецяльна вырабленыя гумовыя палкі; акрамя таго ёсць у іх лінейкі. Агледзеў я далоні Зоські і на іх ніякіх слядоў біцця не заўважыў. Тады кажу ёй: