Читать «Запіскі афіцэра Чырвонай Арміі» онлайн - страница 15
Сяргей Пясецкі
– Прыемнае купанне было?
– Дужа, – адказаў я. – Каб болей вольнага часу меў, дык нават бы штомесяц карыстаўся. Мы ў Савецкім Саюзе таксама надзвычайна гігіену абажаем.
А ўсё ж такі цікава: як тыя бабкі такую гарачую ваду вытрымліваюць, бо ў халоднай хіба ж не купаюцца? Дапускаю, што яны з дзяцінства прызвычаены ў кіпені плюхацца. Знайшлі прыемнасць!
Вярнуўся я ў пакой злы як чорт і думаю сабе так: трэба Дуняшцы пісьмо напісаць, каб сапраўды раптам бульбы і цыбулі мне не даслала. Смеху б з мяне хлапцы нарабілі. Таму адразу такое пісьмо ёй даслаў:
“Кастрычнік 1939 года
Вільнюс.
Мілая Дуняшка!
Дужа хутка я адтрымаў тваё пісьмо і вельмі ўдзячны за паклоны ўсёй тваёй сям’і. А што тычыцца пасылкі для мяне, дык вельмі дзякую, але прашу ніякай ежы мне не дасылаць, бо маю я тут усё, што толькі запрагну. Нарэшце дайшлі тыя эшалоны, адзін з якіх ты бачыла на станцыі з плакатамі: ХЛЕБ ДЛЯ ГАЛАДАЮЧАЙ ПОЛЬШЧЫ. Таму маю цяпер і хлеб, і да хлеба. Бязмежна ўдзячны савецкай уладзе і нашаму каханаму правадыру, таварышу Сталіну, за клопат аб нас, героях непераможнай Чырвонай Арміі. Буржуазія тут аж зубамі скрыгоча ад злосці, бачачы, як мы аб’ядаемся рознымі каўбасамі і іншым салам.
Дасылаю табе маю фатаграфію, каб ведала ты, як цяпер выглядае адважны герой і абаронца Савецкага Саюзу, які дзень і ноч нястомна стаіць на стражы нашай святой Расіі і ўсяго пралетарыяту. Гадзіннікі тыя, што бачыш у мяне на руках, усе сапраўдныя, і ланцужок з паском, якія вісяць з кішэняў, таксама ад гадзіннікаў. Так што, можна сказаць, шык трымаем належны.
А што тычыцца Маргалава, дык за тое, што ён казаў, быццам будзе вайна з Германіяй, яго – фашыстоўскага пса – належала не толькі ў лагер выслаць, але і скуру з яго – імперыялістычнага паслугача – здзерці. Я нядаўна чытаў кніжку пра вялікага нямецкага правадыра і найлепшага сябра нашага каханага БАЦЬКІ Сталіна, Адольфа Гітлера. Ён таксама пралетар і таксама будуе сацыялістычную айчыну для свайго народу і такую самую, як і наш ВЯЛІКІ Сталін. І ніколі не можа быць вайны паміж двума братнімі народамі. Гэта зразумела кожнаму нармальнаму чалавеку. А чуткі пра такую вайну пускаюць польскія паны і агенты англійскіх імперыялістаў. Але хутка мы з імі ўсімі, разам з таварышам ТАВАРЫША Сталіна Адольфам Гітлерам расправімся.
Дасылаю нізкія паклоны для ўсёй тваёй сям’і і для цябе, Дуняшка. З гонарам стаю пад высока ўзнёслым штандарам Леніна-СТАЛІНА і па-геройску стрымліваю вар’яцкі націск крывавых буржуазійных паслугачоў.
Твой да дошак труны,
Мішка Зубаў”.
Так, нічога сабе атрымалася ў мяне гэта пісьмо да Дуняшкі. Бачна з яго і цвёрдасць бальшавіка, і добрасумленная сацыялістычная пазіцыя, і нязломная адданасць камуністычнай партыі а таксама яе правадыру і вучыцелю ВЯЛІКАМУ таварышу Сталіну. Так што магу адсылаць яго спакойна.