Читать «Запіскі афіцэра Чырвонай Арміі» онлайн - страница 16

Сяргей Пясецкі

Кастрычнік 1939 года.

Вільнюс.

Пішу гэтыя словы з вялікай радасцю, сацыялістычным гонарам, пачуццём добра выкананага бальшавіцкага абавязку. Ганаруся сваёй абачлівасцю, цвярозасцю думкі і адвагай. А ўсе гэтыя станоўчыя якасці з’явіліся ў мяне дзякуючы нашай вялікай рускай культуры, якая мяне – так, як гэта спяваецца ў “Інтэрнацыянале” – з нічога зрабіла ўсім і (натуральна – а нават найперш) нашаму ВЯЛІКАМУ, геніяльнаму ПРАВАДЫРУ Сталіну. Я часта думаю сабе так: “Колькі стагоддзяў чалавецтва мусіла чакаць, каб прыйшоў на свет ЁН, яго ЗБАЎЦА, таварыш Сталін! І ажно страшна падумаць, што б сталася са светам, каб ЯГО не было!”

Дык вось: стаў я героем цэлага віленскага гарнізону. Нават незнаёмыя мне афіцэры з іншых палкоў прыходзяць, каб хоць паглядзець на мяне. А маёр Пятухоў дзе толькі мяне спаткае, дык адразу сціскае руку і крычыць:

– Дзякуй, таварыш, за ўратаванне майго жыцця! Каб не ты, дык нашая святая айчына страціла б яшчэ аднаго свайго абаронцу!

Але я мушу распавесці ўсё па парадку. Камандзір палка адкамандаваў маёра Пятухова і мяне ў Старую Вілейку. Мы мусілі агледзець там кватэры для нашага палка, які, праўдападобна, у хуткім часе накіруецца туды. На вакзале, як афіцэры, мы занялі месца ў мяккім вагоне. У тым жа купэ ехаў нейкі брухаты капіталіст з жонкай і дачкой. Дочачка нават нічога сабе: такая ружовая і белая, як лялька. Панчохі на нагах у яе ляжаць як прыклееныя. Халера вед, як тыя буржуйкі так робяць, бо падвязак пад каленкамі я не заўважыў, хаця намагаўся, па меры магчымасці, зазірнуць. Сукеначка эф-эф! Уся прасвечваецца. Ну і валасы хвалямі ўчасаныя. Папросту акторка. А можа, і была акторка… Дужа я ёю зацікавіўся. Але і маёр Пятухоў, хаця стары ўжо хрэн, на яе ўвесь час зыркае і кожныя дзве хвіліны з кішэні гадзіннік выцягвае… быццам бы паглядзець: якая гадзіна. Какетнічае з ёю. Тады і я таксама рукаво дагары падцягнуў, каб “Амегу” паказаць належным чынам. І заўважыў, што паненка на мяне часцей паглядае, чым на маёра. Тады я ёй усміхацца і падміргваць пачаў, а таксама вельмі значна каленам дакранацца. Але маёр Пятухоў, бясспрэчна, гэта заўважыў, бо раптам звярнуўся да мяне службовым голасам:

– Таварыш лейтэнант, прашу перайсці ў іншае купэ. Добра ж ведаеце, што малодшым афіцэрам нельга фамільярнічаць са старэйшымі!

– Слухаюсь! – адказаў я і выйшаў у купэ па другі бок калідора.

А там нейкая старуха з дваімі дзецьмі ехала і моцна падазроны тып мужчынскага роду ў высокіх ботах на нагах. Самі разумееце: хто можа мець боты з халявамі з сапраўднай скуры! Мы гэта добра ведаем!… Але нічога. Еду я сабе, і ў тое купэ, дзе быў папярэдне, зыркаю. Бачу, маёр Пятухоў на маё месца – насупраць той буржуечкі – перасеў і ва ўсю яе чаруе! То на гадзіннік паглядзіць, то цудоўны нікеляваны партсігар з кішэні дастане і папіросу запаліць… Але нічога, можа, і я да маёра даслужуся. Тады таксама здолею адпаведна нос задзіраць!