Читать «Запіскі афіцэра Чырвонай Арміі» онлайн - страница 13
Сяргей Пясецкі
15 кастрычніка 1939 года.
Вільнюс.
Учора я заўважыў у горадзе і нашы савецкія крамы. А як жа: адразу дзве адчынілі. Няхай буржуі не думаюць, што толькі ў іх гандаль квітнее. Увайшоў я ў адну з іх. Цудоўна там: партрэты Сталіна, Леніна і розныя такія пралетарскія лозунгі вісяць. Нашы савецкія паненкі гандлююць. Кніжкі прадаюць. Гэта значыць, культуру пашыраюць. Я з імі прыемна паразмаўляў. Адна нават спадабалася мне, таму я спытаўся ў яе, ці магла б да мяне на ноч пераспаць прыйсці. Але яна адказала, што моцна шкадуе, але ўжо ўсе бліжэйшыя ночы мае занятымі. Шкада. Але цяжка: кабетаў нашых мала, хлопцаў жа шмат, а таму ўсіх не паспяваюць… Набыў я брашуру: ВЯЛІКІ ПРАВАДЫР ВЯЛІКАГА НЯМЕЦКАГА НАРОДУ і пайшоў. У другой краме заўважыў: ва ўсіх вокнах, шмат партрэтаў таварыша Сталіна. Дужа прыгожа выглядае. Увайшоў я і спытаўся пра кошт.
– Без рамаў, – адказваюць мне, – тры рублі. З рамамі пад шклом, 25 рублёў.
Я так сабе думаю: “Трэба купіць. Можа, раптам хто да мяне прыйдзе, дык адразу ўбачыць, што тут культурны чалавек жыве”. Спытаўся я таксама пра партрэт Гітлера. Варта б іх, каханых таварышаў, разам павесіць. Бо надта ж вялікія яны сябры і правадыры сацыялістычных народаў. Але мне адказалі, што яшчэ не прыслалі. Казалі даведвацца час ад часу.
Пайшоў я дадому. Партрэт Сталіна нёс так, каб кожны бачыў. Няхай буржуі дрыжаць перад абліччам нашага ВЯЛІКАГА правадыра. Прыходжу дадому і так сабе думаю: “Дзе б ЯГО, каханага БАЦЬКУ, павесіць?” Бачу ў куце, у найлепшым, можна сказаць, месцы, нейкая мадама вісіць. А як жа: у залатой сукенцы і ў кароне на галаве. Эге, думаю я сабе, гэта ж іхны буржуйскі святы абразок. Толькі зараз зразумеў. Гукнуў я Марыю Аляксандраўну і з вялікім абурэннем на абраз паказваю:
– Прашу неадкладна гэта адтуль прыбраць! Я культурны чалавек і не хачу чагосьці падобнага ў пакоі трымаць! Лямпачка няхай застанецца, бо чырвонага, пралетарскага колеру. Але мне не трэба вашай фашысцкай прапаганды і забабонаў!
Забрала яна свой абраз і вынесла, а я адразу на яго месцы нашага каханага ПРАВАДЫРА І ВУЧЫЦЕЛЯ павесіў. Увечары запаліў я перад партрэтам лямпачку. Прыгожа атрымалася. Чырвонае святло паўзло па партрэце нашага чырвонага правадыра пралетарыяту, а я сядзеў сабе ў мяккім крэсле і чытаў біяграфію Гітлера. Дужа ўсцешыўся, калі даведаўся, што ён быў некалі мірным мулярам. Гэта значыць, што таксама пралетарскага паходжання – як і наш каханы таварыш Сталін. А далей даведаўся, што і ён таксама ў сябе ў Нямеччыне сацыялізм увёў… Так: жыццё цудоўнае! Калі той, каханы муляр Гітлер, і наш БАЦЬКА Сталін разам пафарбуюць свет у чырвоны колер, вось будзе выдатна!
У кастрычніку 1939 года.
Вільнюс.
Сёння хлопцы ўгаварылі мяне пайсці да фатографа. Знайшлі тут такога, які добра размаўляе па-расейску і выдатна фатаграфуе ў выглядзе героя. А трэба ж мець памятку пра баявыя дні. І Дуняшы можна даслаць таксама. Няхай убачыць, як выглядае доблесны савецкі афіцэр. Ну і брату таксама дашлю, каб ведаў, якой высокай фігурай я зараз з’яўляюся.