Читать «Запіскі афіцэра Чырвонай Арміі» онлайн - страница 14

Сяргей Пясецкі

Ну пайшлі. Капітан Ягораў павёў. Кожны з нас на ўсю вуліцу парфумамі раскошна тхне. Усе прахожыя азіраюцца і дзівяцца з нас. Я сам сёння зранку выліў сабе на галаву чвэрць пляшкі найлепшых у свеце парфумаў савецкай вытворчасці. “Подых Сталіна” называюцца і пахнуць найменей на пяць метраў. Чую я, лейтэнант Дубін крычыць:

– Хлопцы, зірніце! Аказваецца, яны адпачываць могуць!

Спыніліся мы і глядзім. Арцель рабочых вуліцу рамантуе. Заліваюць яе асфальтам. Бачна адразу, што пралетары. Адны ў камбінезонах, другія ў працоўных камізэльках. Але ж на самой справе працавалі марудна. Адзін сядзеў на тачцы. Другі паліў. Трэці цыгарку скручваў. А некаторыя працуюць сабе няспешна. І відавочна ніхто іх не падганяе, ані ботам, ані кіём не б’е, як то нам вядома, звычайна робіцца ва ўсіх капіталістычных дзяржавах. Ведаем жа дакладна, як буржуі катуюць сваіх рабочых, каб болей за норму працы з іх выціснуць.

Бясспрэчна, гэта была вялікая загадка. Але капітан Ягораў адразу нам гэту справу растлумачыў:

– Гэта, разумееце, яны ўжо вольныя рабочыя. Савецкая ўлада іх вызваліла і дазволіла нарэшце працаваць павольна, каб набраліся моцы для будучай стаханаўскай працы на карысць Савецкага Саюзу.

Зразумелі мы ўсё і пайшлі далей. Мудры чалавек заўсёды ў стане мудра ўсё растлумачыць.

Вось прыходзім да фатографа. Нас было пяцёра. Фатограф паказаў нам розныя здымкі, каб мы выбралі сабе позы. Потым лейтэнант Дубін першым усеўся ў крэсла. Далі мы яму ўсе нашыя медалі. Разам іх атрымалася дванаццаць штук. Ну і гадзіннікі для дэманстраваньня іх на здымку пазычылі. Аказалася, што дзякуючы савецкай уладзе ўжо ўсе гадзіннікі прыдбалі. А капітан Ягораў нават два сабе здабыў.

Цудоўна!

Праз два дні я здымкі забраў. Цяжка было паверыць уласным вачам. Медалёў поўныя грудзі. З левай кішэні гімнасцёркі скураны пасок ад гадзінніка выразна бачны. З кішэнькі ў нагавіцах таксама ланцужок чароўна вісіць. А на руках па два гадзіннікі… Загадаў я фатографу яшчэ тузін тых партрэтаў для мяне выканаць. Гэта будзе істотная памятка і вялікай вагі гістарычны дакумент.

Але перад тым я меў шалёны клопат з тамтэйшай праклятай буржуазнай ваннай. Вырашыў я сабе так: “Перад выправай да фатографа трэба выкупацца, каб лепей атрымацца на здымку, бо з-за браку часу і жадання я з два месяцы ў лазні не быў. Акурат вучыцелька Марыя Аляксандраўна паведаміла мне зранку, што ёсць гарачая вада, а значыцца, можна скарыстаць такую магчымасць. Нешта зачаста яна мне пра гэта купанне нагадвае! Амаль кожны тыдзень. А можа, заўважыла, што троху “жывога срэбра” маю? Але ж рэч вядомая: вошабоек няма, значыцца, і вошы павінны быць. Хаця, калі праўду сказаць, дык супраць гэтага і вошабойкі не дапамагаюць. Яна, вош, свой розум і спрыт таксама мае. Ведае, як сябе захаваць. Але гэта дробязь малазначная.

Ну, прыходжу я ў тую іхнюю ванную. Распрануўся і кацёл памацаў: гарачы, як чорт! Адкруціў, значыцца, кран. А адтуль кіпень як ліне! Мне і ў галаву не прыйдзе ў такое лезці. Скуры б на мне не засталося. Закруціў я кран. Спусціў з ванны той халерны кіпень. Потым другі кран заўважыў. Адкруціў яго, а адтуль зусім халодная вада валіць. Чалавеку таксама не ўлезці, бо захварэеш. Закруціў я кран, у ванну напляваў, валасы зімняй вадой намачыў, каб ведалі, заразы, што купаўся. А тая буржуйская змяя, Марыя Аляксандраўна, як перад іхнім пакоем па калідоры праходзіў, запыталася: