Читать «Запіскі афіцэра Чырвонай Арміі» онлайн - страница 110
Сяргей Пясецкі
Мы пачалі дапытвацца, хто страляў? Адзін з байцоў сказаў, што гэта ён стрэліў у нямецкага генерала, які ехаў на белым кані на чале арміі… Аднак там нешта вельмі сур’ёзнае было, і нам моцна пашанцавала, што мы ўсе ацалелі. А дзякаваць мусім толькі сваёй адвазе і незвычайнай прысутнасці духу.
Маёр апісаў усю гэтую акцыю ў Дзённіку Камуністычнага Партызанскага Атраду ім. Ванды Васілеўскай. Пасля мы пачалі абачліва адыходзіць з небяспечнага месца. Бо немцы маглі апамятацца і ўдзень зрабіць аблогу ў бліжэйшых лясах. А паколькі яны маюць істотную колькасную перавагу над намі, дык мы мусілі адступіць. Да таго ж, у сутычцы з немцамі каля моста мы страцілі ўсю зброю. Толькі ў маёра другі пісталет, які быў у кабуры на пасе, ацалеў. Таму мы мусілі як мага хутчэй ізноў узброіцца, каб мець магчымасць і надалей весці з немцамі барацьбу. Гэта не будзе вельмі цяжка, бо польскія камуністы маюць магчымасць з мястэчка для нас зброю прыцягнуць. Там яе шмат.
20 чэрвеня 1944 года.
У лесе.
Вызначыў я вельмі прыкрую рэч. Але, на шчасце, ніхто з атраду аб тым не ведае. Вось неяк, пасля адступлення з небяспечнага месца каля таго стратэгічнага моста, затрымаліся мы надоўга ў вельмі выгодным месцы – у лесе паблізу крыніцы. Аднойчы пайшоў я троху далей, каб мясцовасць агледзець. Меў з сабой пісталет і гранаты, бо камуністы зброю для нас з мястэчка ўжо прыцягнулі.
Дзень быў вельмі прыемны і цёплы. Адышоў я, гуляючы, даволі далёка ад нашага лагера. Захацелася мне піць. А паколькі чуў, што паблізу крынічка струмяніцца, пачаў я скрозь зараснікі алешыны да вады прадзірацца. У гэты момант нешта як зашуміць, як затрашчыць… Ну я ўцякаць. Прадраўся праз зараснікі і ўваліўся ў ваду. Таму затрымаўся там, бо далей уцякаць не было магчымасці. І ў гэты момант я зразумеў, што грукат гэты адбываецца ў маёй брызентавай торбе, якую я заўсёды з сабой ззаду на пасе насіў.
Я ўжо апавядаў аб тым, як мы зрабілі налёт на пошту ў мястэчку і як я, згодна з камуністычным правам сацыялізацыі, будзільнік у начальніка пошты ўзяў. Але я не ўмеў з чымсьці такім абыходзіцца. Накруціў яго некалі, дык ён пачаў каверзна гудзець якраз тады, калі мы хацелі стратэгічны мост знішчыць. Я тады нават не мог падумаць, што той вэрхал у мяне ў сумцы ўсчаўся. А сёння я зноў, ад няма чаго рабіць, будзільнік накруціў. А ён цяпер пачаў звінець, і з-за яго я ледзьве ў крынічцы не ўтапіўся. Добра, што я быў адзін, бо магла б з-за гэтага звону ці паніка сур’ёзная атрымацца, альбо – калі б маёр здагадаўся што да чаго – саліднае біццё пысы па маім адрасе.
Вынуў я будзільнік з сумкі і са злосці як махнуў яго аб камень, дык ён яшчэ раз дзвінькнуў і ў ваду ўпаў. Аднак жа і небяспечныя тыя буржуйскія вынаходніцтвы! Лепей нічога такога пры сабе не мець. Эх, каб зараз той начальнік пошты мне ў рукі трапіўся! Дорага б ён за такі жарт заплаціў!
Хаця будзільнік я і ліквідаваў, выглядаў, аднак, вельмі блага. Быў увесь мокры, бо па самую шыю ў ручай уваліўся. Акрамя таго, калі бег праз хмызы, падраў адзенне і скрывавіў твар. Не выпадала мне ў такім стане ў атрад вяртацца. Задумаўся я: што рабіць? А пасля здагадаўся, што гэта гісторыя можа быць для мяне нават сур’ёзнай баявой адзнакай і вялікай заслугай.