Читать «Запіскі афіцэра Чырвонай Арміі» онлайн - страница 108
Сяргей Пясецкі
Зараз увесь час жывём у лясах. І нядрэнна жывём. Жрачкі маем колькі пажадаем. А як чаго не хапае, дык па начох на польскія адзінокія хутары налёты робім і сацыялістычным чынам недахопы ліквідуем. Некалькі разоў шмат гарэлкі здабывалі, бо нашы камуністы з атраду шмат самагоншчыкаў ведаюць.
Пару разоў перарэзалі тэлеграфныя драты на прыдарожных слупах. Маёр сказаў, што гэта дыверсійная акцыя велізарнага значэння і можа папсаваць немцам іх ваенныя справы. Кожную такую акцыю маёр запісвае ў спецыяльны Дзённік, на якім зрабіў такі загаловак: Дзённік дыверсійнай дзейнасці Камуністычнага Партызанскага Атраду ім. Ванды Васілеўскай. Кожны з нас там узгаданы і кожны мае псеўданім. Маёр мае псеўданім “Грозны”. Мой псеўданім, натуральна, “Сталінец”. Маёр нядаўна прачытаў мне падрабязнае апісанне нашага першага нападу на леснічоўку. Вельмі прыгожа ён там усё абмаляваў. Асабліва мне спадабалася тое месца, дзе ён апавядаў, як немцы, пры нашай адважнай атацы на леснічоўку са страху збеглі, пакінуўшы нам вялізную ваенную здабычу і груды не вывезенага з лесу бярвення коштам у шмат мільёнаў рублёў.
Я паволі працягваю пісаць свае Запіскі, якія могуць быць карыснымі мне ў будучыні для працы над вялікай сацыялістычнай аповесцю. Так, Савецкі Саюз, Чырвоная Армія і камуністычная партыя могуць мною ганарыцца!
18 чэрвеня 1944 года.
У хмызах.
Мы даведаліся з дапамогай камуністаў з нашага атраду, што немцы адступаюць па ўсім фронце. Чырвоная Армія па-геройску рушыць наперад. Саюзнікі высадзілі дэсант у Францыі і гоняць гітлераўцаў адтуль. Карацей: узялі Германію ў жалезныя абцугі, каб ўжо з іх не вырвалася.
Мы правялі ваенны Савет, у якой дэмакратычна прыняў удзел увесь наш, пакрыты неўміручай славай, партызанскі атрад… а гэта значыць, маёр, я, чатыры нашых байцы і тры польскія камуністы. Перадусім мы тры разы крыкнулі “ура!” у гонар нашага ВЯЛІКАГА правадыра Сталіна. Потым зноў крыкнулі “ура”, але не так гучна і толькі адзін раз, у гонар апякункі нашага геройскага атраду Ванды Васілеўскай. Толькі пасля гэтага адбыўся ваенны савет.
Пастанавілі: каб нанесці рашучы ўдар па нямецкай арміі – спаліць драўляны мост на дарозе, што звязвае ўсе Кошкі з мястэчкам. Бо некалькі разоў здаралася, што той дарогай перавазілі корм для коней. Мост мае каля 15 крокаў даўжыні і 7 крокаў шырыні. Таму з’яўляецца важным стратэгічным аб’ектам. Ягоным знішчэннем мы маглі істотна ўскладніць харчаванне азвярэлых коней гітлераўскай арміі. Акрамя таго было б гэта адначасова і выдатнае ваеннае дасягненне.
Даставілі нам з мястэчка вялізную бутлю нафты, і рушылі мы ў дарогу. Зрабілі лагер на адлегласці ў пяць кіламетраў ад месца мяркуемай акцыі. Было гэта на вялікай паляне. Калі надышоў змрок, выпілі мы пяць бутэлек моцнага самагону і, умацаваўшыся духам і целам, рушылі наперад.
Маёр ішоў першы. За ім адзін з польскіх камуністаў, які паказваў яму дарогу. Потым я, а за мною – рэшта атраду. Наблізіліся да дарогі і спыніліся. Доўга прыслухоўваліся, але было зусім ціха. Маёр зняў пісталет з засцерагальніка, узяў у аднаго з камуністаў бутлю нафты і рушыў далей. Перасеклі мы зарослы хмызняком роў і сталі на дарозе. Потым асцярожна і максімальна ціха скіраваліся да моста. Ішлі ў поўнай цішы, бо пясок быў глыбокі і мяккі і добра глушыў нашы крокі. Ноч панавала такая цёмная, што мы не маглі разгледзець адзін аднаго. Гэта найлепшым чынам спрыяла нашай смелай акцыі.