Читать «Запіскі афіцэра Чырвонай Арміі» онлайн - страница 112
Сяргей Пясецкі
Я прапанаваў зрабіць для нашага атраду штандар. Як-ніяк гэта мела б вялікае значэнне. Маю прапанову ўсе прынялі са згодай. Маёр даў загад камуністу, які павінен быў ісці ў мястэчка, каб абавязкова набыў там прыгожай матэрыі на чырвоны штандар. Камуніст сказаў, што не ведае, ці атрымаецца ў яго, паколькі крамы ўжо даўно пазачыняліся. На стужкі шмат матэрыялу не трэба, таму гэта як-небудзь уладзіць. Але знайсці нечага адпаведнага на штандар будзе цяжка. Але маёр сказаў яму, што гэта справа дзяржаўнага значэння і што ён мусіць уладзіць яе абавязкова. Даў яму шмат грошай з касы нашага атраду і загадаў тэрмінова выпраўляцца ў дарогу.
8 ліпеня 1944 года.
У лесе.
Заўчора мы рушылі баявым маршам праз лясы ў кірунку Вільні. За дзесяць кіламетраў ад горада сталі лагерам у лесе, каб зарыентавацца ў сітуацыі. Мы чулі моцныя выбухі з боку горада, а ўвечары і ноччу ўсё неба ў тым накірунку было чырвонае ад зарава пажараў. Уначы ж было выразна чуваць і гук гарматаў, выбухі і страляніну. Адзін з камуністаў паведаміў нам, што гэта польскія партызаны адсеклі дарогі для адступлення нямецкай дывізіі і значнымі сіламі атакуюць горад.
Мы правялі таемную вайсковую нараду штаба нашага атраду. Гэта значыць: маёр і я. Разважалі, што рабіць у такой сітуацыі. Я раіў чакаць, пакуль усё не высветліцца і тым часам шукаць сувязі з часткамі нашай рэгулярнай арміі. Маёр падтрымаў маю думку. Таму мы вырашылі не соваць носа ў гарачыя справы, а адпачыць тут. І тым часам якраз маглі зрабіць баявы штандар нашага атраду.
У нас было шмат чырвонай матэрыі, і мы зрабілі стужкі на рукавы для нашага атраду. Вымалявалі чорнай фарбай на кожнай стужцы вялікія літары “В.В.”. Гэта азначала першыя літары імя і прозвішча шаноўнай апякункі нашага атраду Ванды Васілеўскай. А па баках ад літар намалявалі чарапы і скрыжаваныя косткі. Атрымалася пагрозліва, значна і на сто працэнтаў сацыялістычна.
Цяжэй было зрабіць штандар, бо адпаведнага матэрыялу ў нас не было. Камуніст прынёс з мястэчка толькі чырвоную спадніцу. Сказаў, што нічога іншага дастаць не мог. Агледзілі мы спадніцу з усіх бакоў. Яна была вельмі брудная і падраная. Але маёр палічыў, што гэта нават добра, бо будзе выглядаць як стары баявы штандар геройскага атраду, якім мы, улічваючы нашы партызанскія подзвігі, безумоўна, і з’яўляемся. Распаролі спадніцу, выпаласкалі ў вадзе і расцягнулі на траве для сушкі, каб складкі выраўняліся. Потым, калі высахла, выразалі з яе адпаведны кавалак матэрыялу на штандар. На адным баку яго намалявалі чонай фарбай скрыжаваныя серп і молат, пяціканцовую зорку, а таксама вялікія літары “СССР”. Зверху змясцілі словы: “ЗА АЙЧЫНУ! ЗА СТАЛІНА!” А ўнізе: “СМЕРЦЬ ВОРАГАМ РАСІІ!” На другім жа баку штандара намалявалі пасярэдзіне чэрап са скрыжаванымі над ім косткамі, а па баках вялікія літары: – “В” “В”. Такім чынам штандар наш атрымаўся цалкам сацыялістычны і ўтрымліваў галоўныя ідэйныя лозунгі камуністаў усяго свету.