Читать «Запіскі афіцэра Чырвонай Арміі» онлайн - страница 111
Сяргей Пясецкі
Вось наблізіўся я троху бліжэй да нашага лагера. Потым кінуў гранату ў нейкі роў. А пасля выбуху гранаты пачаў садзіць ў паветра з пісталета. Высадзіў адзін магазін, усадзіў другі і бягом у лагер. Там ужо ўсе паўскоквалі на ногі і не ведалі, што рабіць, у які бок уцякаць. Я крыкнуў ім:
– Нямецкая аблога лесам ішла, але я іх затрымаў. Забіў некалькіх з пісталету, а некалькіх гранатай разарваў!
Маёр быў вельмі ўражаны. Паціснуў мне моцна далонь і сказаў:
– Вялікі дзякуй, таварыш, за гэты геройскі ўчынак, годны афіцэра Чырвонай Арміі і актыўнага партызана Ванды Васілеўскай! Цяпер вораг нас знянацку не заспее!
Сабраліся мы паспешна і пачалі адыходзіць у накірунку, супрацьлеглым таму, адкуль я прыбег. Толькі пасля таго, як адышлі адтуль на трыццаць кіламетраў, затрымаліся на доўгі адпачынак. Тады маёр і ўставіў у Дзённік мой геройскі ўчынак.
– Колькі гітлераўцаў застрэліў з пісталету? – спытаўся ў мяне маёр.
– Пяцёх дакладна, бо бачыў, як упалі.
– Запішу сямёх, бо мог дваіх не заўважыць.
– Цалкам слушна, – кажу я.
– А колькі разарвалася гранатай?
– Думаю, што вельмі шмат, бо кінуў яе ў самую сярэдзіну натоўпу немцаў.
– З дзесятак іх там было?
– Ну хіба што з дзесятак.
Таму маёр упісаў праўдзіва: дзесяць. Карацей, доказы геройскай дзейнасці нашага атраду ўвесь час павялічваюцца. І я да гэтага істотна спрычыніўся. Вельмі гэта прыемнае самапачуццё.
2 ліпеня 1944 года.
У хмызах.
Мы штораз пакрываемся вялікай славай і адважна нішчым ворагаў Савецкага Саюза, а таксама сацыялізму. За апошнія дні разграмілі дом ксяндза ў мястэчку і два маёнткі крыважэрных польскіх паноў. Вядома, што гэта зацвярдзелыя рэакцыяністы, а таму трэба іх загадзя абясшкодзіць. А для пралетарыяту ад гэтага значная карысць, бо я ўжо тры гадзіннікі маю і пяць пярсцёнкаў, а таксама срэбную папяросніцу. Адзення і абутку мы маглі б фуру набраць, але немагчыма ўсё гэта за сабою цягаць. Наогул, усе хлопцы з нашага атраду істотна палепшылі сваё матэрыяльнае становішча ў часе нашай ідэйнай барацьбы за дабро пралетарыяту.
Акрамя таго нам удалося ў некалькіх месцах, каля лясных дарог, пасекчы драты на тэлеграфных слупах. А найістотнейшай нашай справай было спаленне двух вялікіх стагоў сена ў дзесяці кіламетрах ад Вільні. Можа, цяпер не адзін рэакцыйны конь з голаду здохне.
Заўчора польскія камуністы з нашага атраду пайшлі на разведку ў мястэчка. Вярнуліся яны ўвечары і засведчылі, што немцы з Вільні эвакуіруюцца; што нямецкая армія паспешна адступае; што шмат цывільнага насельніцтва рушыла на захад, не жадаючы заставацца на тых тэрыторыях, якія зоймуць савецкія войскі; што польскія партызанскія атрады мелі вялікія сутычкі з нямецкімі вайсковымі атрадамі і рыхтуюцца апанаваць Вільняй.
Мы правялі нараду наконт цяперашняй сітуацыі. Паколькі атрад наш не меў вайсковых мундзіраў, вырашылі мы дэлегаваць аднаго з польскіх камуністаў у мястэчка, каб купіў там чырвонага матэрыялу на стужкі і чорнай фарбы, каб маглі на іх назву нашага атраду ўвекавечыць.