Читать «Запіскі афіцэра Чырвонай Арміі» онлайн - страница 109
Сяргей Пясецкі
Нарэшце мы наблізіліся да мосту. І менавіта ў гэты момант нешта каля нас як грымне, загрукоча, затрашчыць, затрасецца!… У мяне сэрца спынілася. А вакол мяне ўсё ператварылася ў хаос. Хтосьці енчыў. Нехта іншы крычаў. Нехта штурхнуў мяне ў пуза і зваліў на зямлю. Раздаліся стрэлы.
Бачу я, што справы кепскія і трэба жыццё ратаваць. Таму кінуў я карабін і махнуў з дарогі ў лес. А за мной, чую, нехта гоніцца. Тады я яшчэ хады наддаў. Хвілін пятнаццаць імчаў так, што ажно паветра ў вушах гуло. Пасля спыніўся, бо пераканаўся, што ніхто мяне ўжо не наганяе. Пайшоў хутка ў кірунку паляны, бо была між намі такая дамова, што калі нехта згубіцца і адстане ад атраду, дык мусіць чакаць іншых менавіта там. Праз якіх дзесяць хвілін я апынуўся на месцы. Быў вельмі задаволены сабой, што ў поўнай цемры так шпарка адмахаў пяць кіламетраў. І быў упэўнены, што я першы. Але заўважыў, што нехта паблізу нашага лагеру сядзіць і папіросу курыць.
– Хто там? – грозна крыкнуў я.
– Не вішчы, дурань! – азваўся маёр.
Гэта мяне вельмі здзівіла. Аказалася, што ён нават мяне апярэдзіў. Так, можам ганарыцца сабою, бо ногі маем першакласныя. І не толькі я і маёр, але і ўся Чырвоная Армія. Мы ж у 1941 годзе мелі на нямецкім фронце самае меншае пяць мільёнаў салдатаў. А калі Гітлер на нас напаў, здолелі так удала ўцякаць, што немцы на аўтамабілях нагнаць нас не маглі. І таму толькі палову нашай арміі ўзялі ў палон. А рэшта сабе: ходу-ходу! Ажно пад Маскву. Спецыяльна дзеля таго, каб гітлераўцаў у пастку завабіць.
– Што там было каля таго моста? – спытаўся маёр.
– Нейкае вялікае нямецкае фармаванне. Пэўна, нават з танкамі, бо нешта там гуло на ўвесь лес. А потым спыніліся і, мусіць, адступілі ў паніцы… Так што, можна сказаць, сёння мы затрымалі вялікае наступленне гітлераўцаў. Што можа прывесці да іхняга вялікага паражэння.
Праз некаторы час падышлі нашы байцы. Двое былі разам, а двое – паасобку. Адзін з іх меў моцна падбітае вока, а другі надарванае вуха. Карацей, і нам троху дасталося. А маёр сцвярджае, што ў яго танк страляў, але ў выніку сутыкнення з ім ён зваліўся ў роў. Аднак я троху падазраю, што гэта зусім не танк, а менавіта я маёра галавой у пуза тузануў, каб сабе дарогу для ўцёкаў ачысціць.
Толькі пад раніцу прыйшлі польскія камуністы. Двое з іх неслі трэцяга. Галава ў яго была скрываўлена. Левага вока зусім не бачна. І ён страшна смярдзеў нафтай. Маёр агледзеў яго падрабязна і прыйшоў да высновы, што па ім нямецкі танк праехаў і заліў яго бензінам. А не раздушыў толькі таму, што дарога была вагнутая. Але я чамусьці ўпэўнены, што гэта маёр у замяшальніцтве махнуў яго бутляй нафты па галаве.