Читать «Запіскі афіцэра Чырвонай Арміі» онлайн - страница 107
Сяргей Пясецкі
– Не варта пакуль моцнага следу пасля сябе пакідаць. Мы іх ліквідуем паціху, калі нашы сюды прыйдуць. Бо ўсіх ляснічых і леснікоў трэба будзе ў першую чаргу ў лагеры саслаць. Людзі, якія добра ведаюць лясы, вельмі небяспечныя для сацыялізму. У першы раз мы толькі палову гэтых лайдакоў ліквідавалі. У наступны раз рэшту іх прыкончым.
Так і вырашылі. Сказалі ляснічаму і ягонай сям’і, каб аб нашым візіце нікому ні слова не гаварылі, бо інакш вернемся сюды і іх, як псоў, перастраляем. Пасля чаго ў поўным баявым парадку адступілі ў лес.
Другой важнай партызанскай акцыяй было ліквідаванне намі пошты ў мястэчку. Палякі-камуністы з нашага атраду добра ўсё ведалі, але пайшлі туды яшчэ раз на разведку. Вярнуліся праз два дні і паведамілі, што немцаў у мястэчку ніводнага няма. Убраліся ўсе ў Вільню, быццам прадчуваючы, што мы паблізу.
Увечары падкраліся мы палямі, з тылу, да будынка пошты. Польскіх камуністаў пакінулі ў двары вартаваць. Справа ў тым, што іх ведаюць у мястэчку і таму яны не могуць разам з намі паказвацца. Таму ўвайшлі мы ўшасцёх у кватэру начальніка пошты. Установа была даўно зачынена. Зрэшты, гэтая ўстанова – абы што, малы драўляны дамок. А ззаду – два пакойчыкі начальніка пошты. Вось уварваліся мы як бура ў кватэрку. Сям’я начальніка да сну рыхтавалася. Загадалі ім рукі ўгору ўзняць і зрабілі падрабязную рэвізію. Знайшлі троху грошай, паштовых марак і пяць пачкаў, падрыхтаваных да высылкі. Канфіскавалі гэта ўсё і ўзяліся за начальніка пошты за тое, што прыслугоўвае гітлераўцам. А ён нам сказаў:
– І зусім я ім не прыслугоўваю. Я тут ужо 25 год працую. Калі вы тут былі першы раз, я таксама гэтую ўстанову ўтрымліваў, бо нехта ж павінен гэта рабіць. А заробак маю такі, што выжыць на яго не магу. Жонка мая шыццём падзарабляе, каб мелі што есці. Якое ж гэта прыслугоўванне гітлераўцам?
Спрытны палячышка! І бачна, што нават не дужа нас спалохаўся. Але мы сказалі яму боты зняць, бо добрыя меў. Забралі таксама швейную машыну, бо адзін з нашых камуністаў пра яе ведаў і прасіў нас яе забраць, бо яму патрабавалася машына для ягонай дзеўкі з вёскі. Збіраліся ўжо выходзіць, але начальнік пошты нам сказаў:
– Вы не павінны паштовы пакунак забіраць. Бачыце ж, што ўсё ў лагеры для ваеннапалонных у Германіі адрасавана. Нашы жаўнеры там у няволі, таму іхнія сваякі дасылаюць ім туды што могуць, каб дапамагчы.
А маёр як тупне нагой:
– Ты голас не падавай, пёс фашысцкі, бо зараз табе ў лоб пальну!
Начальнік пошты на гэта адказаў:
– Ніякі я не фашыст. Я людзям служу. А вы, калі забярэце пачкі, грошы і паштовыя маркі, тады дайце мне распіску.
Тут ужо мы далі яму такую “распіску”, што да смерці не запамятае! А пасля расправы над ім адышлі мы, з добрым баявым шыкам і ў поўным парадку, у напрамку лесу. Я на гэтай выправе толькі тое скарыстаў, што ўзяў будзільнік. Запасны гадзіннік прыдасца. Зрэшты, і прадаць можна будзе.