Читать «Запіскі афіцэра Чырвонай Арміі» онлайн - страница 106
Сяргей Пясецкі
Перахрысціла яна мяне, але раптам нешта сабе прыгадала.
– Чакай, Яначка! – сказала. – Дам я табе на дарогу адну рэч, якая ў хвіліну небяспекі можа цябе абараніць. Але мусіш гэта заўсёды пры сабе мець.
Прынесла яна срэбны медальёнчык з выявай Маці Божай Вострабрамскай і павесіла яго мне на шыю. Паўтарыла яшчэ раз, што калі мне будзе дрэнна альбо буду вымушаны схавацца, дык каб ізноў да яе прыходзіў.
Потым я пайшоў развітацца з Малугамі. Дома толькі старога і дачок заспеў, бо сыны яго даўно ўжо самі ў партызанцы. Стары мне на дарогу бутэльку вельмі моцнага самагону даў. А Антося паклала мне ў торбу дзве пары ваўняных шкарпэтак, якія сама для мяне зрабіла. А перад тым яшчэ пані Юзэфа спакавала мне ў торбу шмат каўбасаў, сала і хатняга тытуню. Таму забяспечылі мяне ў дарогу вельмі добра. Не магу на іх наракаць.
Малуга яшчэ раз паведаміў мне, што Антося згаджаецца пайсці за мяне замуж, і што ён сам нічога супраць таго не мае. Бо хаця ён, як сам сказаў, бедны, але мае добры характар. Напрыканцы ён мне так сказаў:
– Як ворага выганіце, дык прыходзь. Пасля Калядаў шлюб возьмеце і вяселле справім. А потым неяк і гаспадарку вам наладзім. Хаця ты і бальшавіком быў, але адрозніваешся ад іх, бо маеш добрае сэрца. Таму мы цябе любім і дапаможам табе.
Усё гэта мяне моцна ўзрушыла. Развітаўся я нарэшце з імі і пайшоў у дарогу. А медальёнчык пані Юзэфы я, натуральна, адразу па дарозе выкінуў. Не выпадае мне, афіцэру і камуністу, такія рэчы на шыі насіць.
1 чэрвеня 1944 года.
У лесе, каля Ляндварова.
Праводзім мы выдатныя дыверсійныя акцыі, і, можна сказаць, зрабілі сур’ёзную пагрозу тылу нямецкай арміі. Калі так пойдзе і далей, дык пакрыем сябе вялікай славай як адважныя партызаны Савецкага Саюза.
Першы налёт зрабілі на леснічоўку, дзе ўсю зіму кватараваў нямецкі атрад, які кіраваў працай цывільных рабочых у лесе і вывазам драўніны. На пачатку вясны немцы адтуль убраліся, пакінуўшы пусты будынак казармы на некалькі дзесяткаў асоб.
Мы з’явіліся там пад вечар. Польскія камуністы ўказалі нам уваход у леснічоўку, а самі засталіся ў хмызах. Наша шасцёрка са зброяй напагатове адважна рушыла наперад. Заспелі сям’ю ляснічага падчас вячэры. Сказалі ім падняць рукі ўгору. Маёр з пагрозай спытаў у ляснічага:
– Чаму ты, бандыт, гітлераўцам дапамагаеш?
А ляснічы сказаў:
– Што ж я мог зрабіць? Прыйшлі яны сюды, пабудавалі казарму і кіравалі вывазкай лесу. Мне сэрца балела, гледзячы на іх гаспадаранне ў нашых лясах, але я не мог нічога супраць зрабіць і мусіў маўчаць.
– Але рабочым за працу плаціў?
– Гэта мне загадалі рабіць, і я мусіў слухацца. Зрэшты, нікога я тым не пакрыўдзіў.
Жонка ляснічага і дзеці ягоныя вельмі спалохаліся і ўвесь час плакалі. Маёр умазаў буржуйцы ў пысу і загадаў маўчаць. Потым сканфіскавалі ў іх грошы і забралі з кладоўкі прадукты. Жонка ляснічага прасіла хоць троху пакінуць для дзяцей хаця б. Але мы ўтаймавалі яе прыкладамі. Я пры такой нагодзе канфіскаваў у яе залаты пярсцёнак. Такая рэч вартасць заўсёды мае і можа мне прыдацца. Забралі ў іх усё адзенне і абутак і толькі пасля гэтага выйшлі з леснічоўкі. Абмяркоўвалі, што з імі рабіць? Я прапанаваў расстраляць усіх адразу, каб знішчыць гэта буржуйскае гняздо. Але маёр сказаў: