Читать «Запіскі афіцэра Чырвонай Арміі» онлайн - страница 105
Сяргей Пясецкі
Маёр вельмі радуецца, калі я яму падобную інфармацыю аб навакольным насельніцтве прыношу. Гаворыць, што калі нашы прыйдуць, трэба будзе тут парадак навесці. Ведаю, што ў яго атрымаецца. Я ж ахвотна яму дапамагу.
17 мая - 7 снежня 1944 года
17 мая 1944 года.
У адрыне ў мужыка.
З сярэдзіны красавіка я знаходжуся ў лясах. Мы стварылі свой партызанскі атрад. Маёр ягоны камандзір, а я ягоны намеснік. Маем мы ў атрадзе сем чалавек. З іх чацвёра – нашы байцы, якія ў мужыкоў хаваліся. А тры – гэта польскія камуністы з мястэчка.
Маёр сказаў мне ў красавіку, што ў цяперашні час бяспечней сядзець у лесе, чым быць дома, адкуль у любы дзень нямецкія жандары альбо паліцыя могуць нас выцягнуць. Акрамя таго трэба забяспечыцца на будучыню, учыніўшы гожую і гераічную барацьбу ў тыле ворага. Гэта важная дыверсійная акцыя. Згадзіўся я, што, бясспрэчна, гэта цалкам слушна.
Са зброяй усё было проста. Нам яе дасталі польскія камуністы з мястэчка. Аб камунізме нашым яны маюць такое ж уяўленне, як аб астраноміі. Але рыхтуюцца ўвесь час да нейкага лепшага становішча, калі савецкія ўлады зноў сюды прыйдуць. Гэтыя палякі нам вельмі прыдаліся, бо яны добра ведаюць мясцовасць і паўсюль знаёмых маюць. Яны ўласна і ўладкавалі ўсе справы з тутэйшым насельніцтвам і кажуць паўсюль, што мы – польскі атрад. Таму нам усе спрыяюць. Маем добрую ежу і дакладную інфармацыю.
Учынілі мы ўжо некалькі сур’ёзных дыверсійных акцый. Атрад наш называецца “Камуністычны Партызанскі Атрад імя Ванды Васілеўскай”. Я прапанаваў назваць наш атрад імем, натуральна, Сталіна. Але маёр сказаў, што мы дзейнічаем сярод польскага насельніцтва, а таму лепей назваць атрад імем гэтай найвялікшай польскай патрыёткі. Спытаўся я ў яго:
– Чаму тады не назваць яго імем найвялікшага польскага патрыёта Дзяржынскага?
Але ён на гэта адказаў:
– Фелікс Дзяржынскі быў, бясспрэчна, вялікай асобай і дастаткова чырвоным камуністам. Але Ванда Васілеўская акрамя ўсяго гэтага мае яшчэ тую перавагу, што, як нам вядома, з’яўляецца найвялікшай сучаснай пісьменніцай у свеце. Мае яна яшчэ і такую велізарную заслугу, што Савецкі Саюз і бацьку нашага Сталіна кахае больш чым сваю айчыну!5
Калі я збіраўся ісці ў атрад у лясы, дык пані Юзэфа вельмі расхвалявалася. Нават заплакала.
– Шкада мне цябе, Яначка! – сказала яна. – Я вельмі баюся, каб з табой у партызанцы што-небудзь дрэннага не здарылася.
Убачыў я, што ў вачах яе слёзы паказаліся. Таму і я хацеў заплакаць, але не атрымалася. Толькі моцна падзякаваў я ёй за дапамогу і апеку і за тое, што мяне амаль тры гады ў сябе ад немцаў хавала і як маці да мяне ставілася. Сказаў я ёй:
– Не ведаю, ці пабачымся яшчэ, бо іду я змагацца з крыважэрнымі гітлераўцамі і магу загінуць. Але калі жывы застануся, дык абавязкова адплачу вам належным чынам і аб добрым сэрцы пані да смерці памятаць буду!