Читать «Запіскі афіцэра Чырвонай Арміі» онлайн - страница 104

Сяргей Пясецкі

З размоў з маёрам я зразумеў, што нават і гаворкі няма, каб тут незалежная Польшча паўстала.

– Не дзеля таго мы змагаліся з Германіяй, – сказаў маёр, – каб вызваленую ад іх Польшчу іншаму нашаму ворагу аддаць. А палякі заўсёды былі, ёсць і будуць нашымі ворагамі.

У той жа час пані Юзэфа цалкам упэнена ў тым, што пасля перамогі над Германіяй Польшча будзе незалежнай. Сказала мне, што для мяне ў яе заўсёды месца знойдзецца. А калі захачу ажаніцца ў гэтай старонцы і тут застацца, дык зробіць усё, што здолее, каб мне новае жыццё аблегчыць. Але я на гэта ўжо зусім не разлічваю. Ведаю, што ізноў буду вымушаны ў войску служыць, а пазней мяне ў Расію вышлюць.

Шчасце, аднак, што я з тым маёрам сустрэўся. Ён мяне ўратуе. Бо сам бы я мусіў і ад нашых уладаў хавацца. А з дапамогай маёра зноў выплыву і буду легальным, а можа, і заслужаным грамадзянінам.

9 снежня 1943 года.

Фальварак Буркі.

Аказалася, што ў бункеры, у нашым гаі, партызаны склад зброі наладзілі. Некалькі іх там жывуць і вартуюць. А для сувязі з галоўным атрадам маюць тэлефон. Ведаю я ўжо шмат падрабязнасцяў аб іх і пра ўсё маёру дакладаю. Ён жа мне сказаў, што калі немцы будуць набліжацца, дык мы мусім уласны партызанскі атрад сфармаваць і ворагу сур’ёзна нашкодзіць, каб прыспешыць перамогу Чырвонай Арміі. Мне гэта не вельмі падабаецца, але калі ён так вырашыў, буду вымушаны ягоны загад выканаць. Але пакуль усё спакойна.

Працы ў гаспадарцы зараз мала, таму пані Юзэфа больш цяпер займаецца са мною польскай мовай. Я ўжо лёгка польскія кніжкі чытаю і нават пішу троху. Маёр мне сказаў, што веданне польскай мовы можа мне дужа прыдацца на службе, калі мы возьмемся за ліквідацыю і ўціхаміранне палякаў.

З сям’ёй Малугаў я зусім зжыўся, і яны лічаць мяне сваім чалавекам. Стары Малуга сказаў мне нядаўна, што пасля вайны, калі Антося захоча выйсці за мяне замуж, ён супраць таго не будзе. Дасць нам на новую гаспадарку каня і карову і дапаможа дом пабудаваць. А пані Юзэфа дадала, што вылучыць нам са свайго маёнтку 5 гектараў зямлі, за якую мы будзем сплочваць ёй вельмі доўгі адрэзак часу. Але здаецца мне, што з гэтых планаў нічога не атрымаецца, бо не ўбачаць яны вольнай Польшчы ніколі. А пры савецкай уладзе, калі ў мяне добра пойдзе, дык магу стаць важнай асобай. Тады з такімі хамамі, як Малугі, і знацца не буду. Іх жа, безумоўна, да калгасу далучаць.

Тым не меней, я ўсё часцей да Малугаў хаджу і лічуся ў іх нарачоным Антосі. Гэта для мяне вельмі зручна, бо я здабыў суцэльны давер ва ўсёй ваколіцы і даведваюся шмат цікавых рэчаў. Ведаю, напрыклад, хто з мужыкоў захоўвае зброю. Малугі таксама маюць тры карабіны і шмат амуніцыі. Яны спецыяльныя схованкі ў стайні зрабілі і там зброю хаваюць. А пані Юзэфа на гарышчы браўнінг мужа мае. Некалі дастала яго адтуль, пачысціла і зноў схавала. Аднак палякі гэтыя, бясспрэчна, небяспечныя элементы. Прычым ведаюць, што за такія справы ў цяперашні час пагражае ім смяротнае пакаранне. Аднак не падпарадкоўваюцца існуючай уладзе.